Выбары ў ЗША: кожны штат абірае самастойна



8 лістапада ў Злучаных Штатах адбудуцца выбары прэзідэнта. Выбарчая сістэма ў ЗША з’яўляецца складанай, галава дзяржавы абіраецца грамадзянамі пасрэдна праз інстытут выбарцаў.  Не дадае простасці і федэратыўны лад краіны – недзе можна прагаласаваць датэрмінова, аддаць голас за свайго кандыдата па пошце – усё залежыць ад заканадаўства канкрэтнага штата.

541f4ad8d8ddd3fa4fcbdcd51da6eb30d484921cf61565408fpimgpsh_fullsize_distr

Падрабязней пра працэдуру абрання гаспадара Белага Дома ў каментары для нашага радыё распавёў палітолаг Аляксандр Папко:

У Злучаных Штатах выбіраюць прэзідэнта не грамадзяне, гэта не ўсеагульныя выбары, гэта выбары пасярэднія. Прэзідэнта выбірае калегія выбарцаў, якая складаецца з 538 чалавек, а гэтых выбарцаў у сваю чаргу абіраюць палітычныя партыі. Звычайна яны вылучаюцца з найбольш давераных асобаў, якія маюць пэўны аўтарытэт. І колькасць выбарцаў у гэтай калегіі невыпадковая, яна раўняецца колькасці сенатараў і дэпутатаў Палаты Прадстаўнікоў разам узятых, яшчэ дадаецца некалькі прадстаўнікоў ад акругі Калумбія – гэта сталічная акруга, якая паводле Канстытуцыі не мае сваіх прадстаўнікоў у амерыканскім парламенце.

РР: То бок палітычныя партыі вылучаюць сваіх выбарцаў у калегію, і потым яны абіраюць прэзідэнта. А звычайныя грамадзяне, насельніцтва неяк у выбарах удзельнічае?

Аляксандр Папко: Насельніцтва ўдзельнічае вельмі актыўна. Фактычна, у ЗША галасуюць не выбарцы як агульнае цела, як уся нацыя, а галасуюць штаты. У кожным штаце праходзяць выбары, у кожным штаце перамагае той ці іншы кандыдат. Усе выбарцы з калегіі ад таго ці іншага штата абавязаны аддаць свае галасы за чалавека, які атрымаў найбольшую народную падтрымку ў дадзеным штаце. У некаторых штатах выбарцы не абавязаныя аднадушна галасаваць за чалавека, які перамог у дадзеным штаце, але такіх штатаў няшмат, і там таксама сістэма ўрэгуляваная. Палова галасоў выбарцаў будзе аддадзена за кандыдата, які набраў большасць, а рэшта будзе аддадзена за кандыдата, які перамог у большасці акругаў у дадзеным штаце. Гучыць крыху складана, але як і з амерыканскай выбарчай сістэмай, чалавек, які перамог на ўзроўні ўсёй нацыі гэта зусім не азначае, што той самы чалавек перамог у большасці штатаў. Ёсць штаты з большым і меншым насельніцтвам. Кожны штат галасуе як пэўная адзінка, кожны штат мае сваю колькасць галасоў, і ў большасці выпадкаў аддаюцца за таго кандыдата, які перамог у дадзеным штаце.

РР: Неяк на прэс-канферэнцыі з заходнімі журналістамі Лукашэнка, адказваючы на закід пра адсутнасць кантролю за т.зв. “датэрміновым галасаваннем” сказаў: вось, маўляў у Злучаных Штатах наогул можна галасаваць па пошце, дайце нам такую магчымасць, і ў нас наогул невядома што будзе рабіцца. Дык а што там робіцца, як яно выглядае?

Аляксандр Папко: Датэрміновае галасаванне і галасаванне па-за той акругай, дзе ты пражываеш, рэгулюецца заканадаўствам. Галасаваць не па мейсцы свайго жыхарства без аніякіх прычынаў можна ў палове штатаў, у іншых можна трэба мець для гэтага падставы. Калі казаць пра датэрміновае галасаванне, яно магчыма ў палове амерыканскіх штатаў. І вось дзве гэтыя формы галасавання – па-за месцам пражывання і датэрміновае – яно адбваецца па пошце. Выбарца бярэ бюлетэнь, запакоўвае яго ў канверт, апячатвае і высылае поштай. Зразумела, што гэтую працэдуру, як нам падаецца, ніхто не кантралюе. Але ў Злучаных Штатах ёсць вельмі добрая судовая сістэма, ёсць партыйная барацьба і ўсе партыі вельмі пільна глядзяць на рукі іншых, каб не дапусціць фальсіфікацый. І выбарчая фальсіфікацыя – гэта сапраўднае крымінальнае парушэнне, за якое пагражае вельмі доўгі турэмны тэрмін.

7c238a31ab5459acd520a9543061b7f6af7e5ba70cd7c8553cpimgpsh_fullsize_distr

Крыніца: usaelections-2016.com

РР: Сапраўды выбарчую сістэму ў ЗША называюць адной з найбольш складаных у свеце. Але, падсумоўваючы нашу размову, спачатку галасуюць грамадзяне, потым калегія выбарцаў у кожным штаце, гледзячы на вынікі галасавання, аддаюць сваю перавагу таму ці іншаму кандыдату, а ўжо пазней галасы з калегіі выбарцаў вырашаюць, хто стане прэзідэнтам.

Аляксандр Папко: Менавіта. Дзеля таго каб перамагчы ў выбарах, з 538 галасоў у калегіі выбарцаў трэба набраць прынамсі 270. Фактычна, кожны штат, які мае сваю вагу, сваю колькасць галасоў, ён галасуе асобна. І ўсе выбарцы з дадзенага штата павінны паводле добрых правілаў аддаць усе свае галасы за кандыдата, якога абрала большасць насельніцтва штата. Гэтая сістэма дае прэферэнцыі штатам, дзе жыве менш людзей. Найбольшыя штаты, такія як напрыклад Фларыда ці Каліфорнія маюць дастаткова вялікую колькасць галасоў, але калі мы пералічым колькасць насельніцтва, то на 1000 людзей там прыпадае нашмат менш выбарцаў, чым у такіх штатах, як, напрыклад, Аляска.  І гэта дае большую вагу малым штатам, і прымушае амерыканскіх палітыкаў звяртаць увагу на праблемы меншых штатаў, весці там выбарчую кампанію, і гэта з’яўяляецца паказчыкам суверэннасці кожнага штата, яго палітычнай незалежнасці ва ўнутраных справах. Нельга забываць, што “state” – штат у ангельскай мове, гэта тое самае, што дзяржава. І прэзідэнт Злучаных Штатаў Амерыкі і паводле логікі амерыканцаў, і паводле логікі мовы з’яўляецца прэзідэнтам 50 краінаў, якія ствараюць федэрацыю.

Нагадаем, што ў сераду 8 лістапада ў Злучаных Штатах Амерыкі пройдуць выбары прэзідэнта. За крэсла ў Авальным кабінеце змагаюцца былая дзяржсакратар ЗША з Дэмакратычнай партыі Гілары Клінтан, а таксама рэспубліканец і мільярдэр Дональд Трамп.

mapa

Штат Колькасць галасоў
Алабама 9
Аляска 3
Арызона 11
Арканзас 6
Каліфорнія 55
Каларада 9
Канэкцікут 7
Дэлавэр 3
Вашынгтон (акруга Калумбія) 3
Фларыда 29
Джорджыя 16
Гаваі 4
Айдаха 4
Ілінойс 20
Індыяна 11
Аява 6
Канзас 6
Кентукі 8
Луізіяна 8
Мэн 4
Мэрыленд 10
Масачусец 11
Мічыган 16
Мінесота 10
Місісіпі 6
Місуры 10
Мантана 3
Небраска 5
Невада 6
Нью-Гэмпшыр 4
Нью-Джэрсі 14
Нью-Мексіка 5
Нью-Ёрк 29
Паўночная Караліна 15
Паўночная Дакота 3
Агая 18
Аклахома 7
Арагон 7
Пенсільванія 20
Род-Айленд 4
Паўднёвая Караліна 9
Паўднёвая Дакота 3
Тэнесі 11
Тэхас 38
Юта 6
Вермонт 3
Вірджынія 13
Вашынгтон 12
Заходняя Вірджынія 5
Вісконсін 10
Ваёмінг 3
Крыніца: usaelections-2016.com