Першае рашэнне аб адмене рэгістрацыі кандыдата ў дэпутаты



Колькасць кандыдатаў у дэпутаты на выбарах у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, згодна са звесткамі на 1 верасня, зменшылася да 493 чалавек, сведчаць матэрыялы на сайце Цэнтрвыбаркама.

Такім чынам, з перадвыбарнай гонкі зняўся яшчэ адзін кандыдат. Акрамя таго, рашэнне аб адмене рэгістрацыі яшчэ аднаго прэтэндэнта — члена Ліберальна-дэмакратычнай партыі Мікалая Арцемчука — прынятае выбаркамам 12-й Кобрынскай акругі 31 жніўня. На сайце Кобрынскага райвыканкама размешчаны тэкст рашэння камісіі, з якога вынікае, што Арцямчук не падаў пацверджання таго, што пайшоў на час агітацыйнай кампаніі ў адпачынак, як таго патрабуе выбарчае заканадаўства, і не зрабіў гэтага пасля папярэджання выбаркама. Пакуль гэта першая адмена рэгістрацыі кандыдата.

Першапачаткова, паводле вынікаў вылучэння, быў зарэгістраваны 521 кандыдат, яшчэ аднаго зарэгістравалі на падставе рашэння тэрытарыяльнай камісіі, трох — паводле рашэнняў судоў. Згодна са звесткамі на 30 жніўня, у выбарах удзельнічалі 495 прэтэндэнтаў на дэпутацкі мандат.

На гэты момант сярод усіх кандыдатаў 314 з’яўляюцца членамі палітычных партый. У прыватнасці пяцёра прадстаўляюць Беларускую партыю „Зялёныя”, 37 Беларускую партыю левых „Справядлівы свет”, 16 — Беларускую патрыятычную партыю, 27 — Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю (Грамада), 36 — Камуністычную партыю Беларусі, 73 — Ліберальна-дэмакратычную партыю, 55 — Аб’яднаную грамадзянскую партыю, 48 — Партыю БНФ, 17 — Рэспубліканскую партыю працы і справядлівасці.