Выступ Таццяны Караткевіч на „Беларусь-1″



Кандыдат у прэзідэнты Таццяна Караткевіч заклікае падтрымаць яе на выбарах і прагаласаваць за змену „старой, некампетэнтнай, безадказнай каманды”. Пра гэта яна заявіла падчас свайго першага перадвыбарнага выступлення па канале „Беларусь-1″.

Паводле слоў Караткевіч, за ўсе гады праўлення Лукашэнкі „не прыдумалі нічога новага, акрамя як жыць за кошт Расеі, але на справе атрымліваецца, што Расея нажываецца на нас”. „З 2006 года мы плацім эканамічную цану за неабходнасць палітычнага прызнання нашых выбараў. Лукашэнка асабіста абяцаў, што Еўразійскі саюз забяспечыць нашым прадпрыемствам роўныя ўмовы на расійскім рынку. Але гэтага пакуль няма, а пасля ўваходжання ў Еўразійскі саюза экспарт у Расею беларускіх трактароў і грузавікоў, станкоў і бытавой тэхнікі няўхільна скарачаецца. Нам абяцалі, што захаваюць і адродзяць нашу цяжкую прамысловасць, але сёння ўсе нашы прадпрыемствы заложнікі расійскіх банкаў, у даўгах, як у шаўках. Лукашэнка не здольны дабіцца ад Расеі справядлівых умоў гандлю. І ўсё таму, што абапіраецца на Расею ва ўмацаванні асабістай улады. Ён расплачваецца нашым дабрабытам за сваё палітычнае даўгалецце!” – падкрэсліла яна. Кандыдат у прэзідэнты лічыць, што выйсце „са складанай сітуацыі ёсць”. „І мы гатовыя яго рэалізаваць. Гэтае выйсце даўно вядомае на прыкладзе іншых краін, яго ведаюць нашы эксперты і ўрад таксама. Мы затрымаліся з рэформамі, а таму можам ацаніць чужы вопыт, каб паменшыць колькасць памылак і негатыўных наступстваў рэформ”, – сказала яна.

Караткевіч лічыць, што „ёсць чатыры задачы, якія мы павінны неадкладна выканаць: спыніць рост цэн, выцягнуць прамысловасць з крызісу, даць свабоду дзелавой ініцыятыве і прыцягнуць інвестыцыі”.

„Перад тым як прыйсці сюды, я сустрэлася з групай рабочых і інжынераў МАЗа. Былая гордасць краіны сёння ў сумным становішчы. Усім зразумела, што трэба рабіць, але спецыялістаў ніхто не хоча чуць. Міністэрства прамысловасці хвалюецца толькі аб планавых лічбах і гоніць выпуск прадукцыі, якую немагчыма прадаць. З 90-х гадоў мінулага стагоддзя мы добра памятаем, да чаго прыводзіць такое кіраванне эканомікай: да дэфіцыту прадуктаў, нізкіх зарплат – да краху. Заводы павінны перастаць вырабляць прадукцыю для галачкі па замове чыноўніка. Трэба даць свабоду дырэктарам прадпрыемстваў, вызваліць ад дыктату бюракратаў. Наш падыход – рэформа вытворчасці, арыентацыя на рынак, свабода для ініцыятывы. Мы распрацуем антыкрызісны план для кожнага праблемнага завода і пад гэтыя планы прыцягнем інвестыцыі. Запросім новыя каманды ў кіраванне з новымі ідэямі і метадамі працы”, – заявіла Караткевіч.

Кандыдат у прэзідэнты звярнулася да людзей з заводаў-банкрутаў: „Не бойцеся. Мы забяспечым перанавучанне і перападрыхтоўку, дадзім ільготныя крэдыты тым, хто захоча пачаць сваю справу, і на працягу шасці месяцаў пасля скарачэння будзем выплачваць 75% зарплаты. Прыватны сектар будзе развівацца і ствараць новыя працоўныя месцы. Нікога не выкінуць на вуліцу, як адбываецца сёння”.

„Гэтага патрабуе першы артыкул нашай Канстытуцыі. Там сказана: Беларусь – сацыяльная дзяржава. Толькі нас давялі да такога стану, што сёння захварэць, страціць працу – самае страшнае, бо калі не ты сам, то ніхто аб табе не паклапоціцца. Сацыяльная абарона зведзена да мінімуму. Засталася на ўзроўні слоў, дэкларацый і ў рэпартажах БТ. Мы вернем яе ў рэальнае жыццё”, – заявіла Караткевіч.

belapan.by