Галасаванне на Гарадзеншчыне (абноўлена)



Слонім. Канцэртамі закрывалі кабіны для галасавання.

У Слонімскім раёне некаторыя наглядальнікі панапісвалі скаргі ў сувязі з тым, што на многіх выбарчых участках адбывалася канцэрты. Падчас гэтых канцэртаў, артысты закрывалі кабіны для галасавання. І наглядальнікі не маглі свабодна сачыць за галасаваннем. Выступленні артыстаў на кожным участку працягваліся каля адной гадзіны.

* * *

У спальных раёна Гародні колькасць выбаршчыкаў, якія прагаласавалі ўжо перавысіла 75%. Назіральнік ад кааліцыі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Раман Юргель заўважае, што акрамя грамадскіх назіральнікаў сітуацыю аналізуюць людзі, якія працуюць на суседнюю краіну. У прыватнасці, назіральнік заўважыў на адным з участкаў паліттэхнолага, які працуе на Расейскую Федэрацыю:

– Зараз у нашыя назіранні прасунуліся расейскія паліттэхнолагі, якія будуць рабіць сваю аналітыку і адсылаць яе свайму кіраўніцтву, сваім куратарам у Маскву. Я бачу настрой людзей, людзі ідуць падтрымаць дзеючага кіраўніка дзяржавы таму, што падтрымліваюць дабрабыт, парадак і мір.

З 11-ці ўчасткаў Гародні, дзе назіраюць прадстаўнікі кааліцыі, Раман Юргель заўважыў пакуль толькі адну грубую тэхнічную памылку на ўчастку №110. Там старшыня камісіі сваечасова не заўважыў недахопу 100 бюлетэняў для свайго ўчастка.

* * *

Па дадзеных на 14.00 на Гарадзеншчыне яўка склала больш за 60%. Большую частку выбаршчыкаў, якія прыходзяць на ўчасткі, складаюць людзі сталага ўзросту. Таксама на ўчастках шмат студэнтаў.

За каго прагаласавалі ці прагаласуюць гарадзенцы запытаў наш карэспандэнт:

Па меркаванні незалежных назіральнікаў яўка можа скласці каля 80%. Па афіцыйных дадзеных Цэнтрвыбаркама на 14.00 яўка склала 64,90%. На 12.00 яўка выбаршчыкаў склала 51,20%.

Па дадзеных ЦВК, на 10 гадзін раніцы прагаласавала амаль 40,5% выбаршчыкаў. Такім чынам, каб лічыць, што пятыя выбары прэзідэнта Рэспублікі Беларусь адбыліся, на выбарчыя ўчасткі павінна прыйсці яшчэ каля 10% выбаршчыкаў. Найбольш актыўна галасуе Віцебская вобласць,  найменш – Менск. У Берасцейскай вобласці прагаласавала звыш 39,5% выбаршчыкаў, у Гарадзенскай – амаль 41,5%.

Паведамляе наш гарадзенскі карэспандэнт:

– У Гародні выбары прэзідэнта Рэспублікі Беларусь адбываюцца больш чым на 140 выбарчых участках. Жыхары горада даволі актыўна бяруць удзел у галасаванні. У сярэднім 100 чалавек штогадзіну прыходзяць на выбарчы ўчастак, каб аддаць свой голас за аднаго з чатырох кандыдатаў. Высокая яўка тлумачыцца незалежнымі назіральнікамі перадусім знешнепалітычнымі фактарамі, а менавіта падзеямі ва Украіне. Людзі галасуюць за мір і стабільнасць у Беларусі.

На ўсіх выбарчых участках арганізаваны выязны гандаль. Акрамя прадуктаў харчавання, ёсць шырокі асартымент алкагольнй прадукцыі. Выбары суправаджаюцца канцэртамі самадзейнасці, якія арганізаваны ўстановамі адукацыі.

У звязку з днём выбараў пусцілі дадатковыя аўтобусныя рэйсы. Такім чынам, улады спрабуюць забяспечыць максімальную яўку выбарцаў. За 5 дзён датэрміновага галасавання ўзялі ўдзел больш за 36% выбарцаў. Улічваючы, што ў дзень асноўнага галасавання назіраецца высокая яўка, незалежныя назіральнікі не сумняюцца, што больш за 50% жыхароў горада возьме ўдзел у выбарах, а гэта будзе азначаць, што яны адбыліся.

* * *

“Арыгінальныя” метады агітацыі за “выбары” выдумалі напярэдадні кіраўнікі Лідскага завода хлебапрадуктаў і асабіста старшыня тутэйшай вертыкалі Міхаіл Карповіч. Расказваюць рабочыя завода хлебапрадуктаў Зміцер Зыбайла ды кіраўнік лідскай філіі Партыі БНФ, майстар участка аўтазборачнага прадпрыемства “Нёман” Уладзімір Круцікаў.

– Што казалі? Каб кожны працаўнік пайшоў на выбары і пасля абавязкова патэлефанаваў свайму кіраўніцтву. Дзякуй богу, не казалі яшчэ, за каго галасаваць.

– Прыязджаў старшыня Лідскага гарвыканкама Карповіч. Гаварыць ён зусім не ўмее. Але самае галоўнае, што ён сказаў: падаткі збірае наш горад перадусім з “Лідскага піва” і прадпрымальнікаў, а таксама каб усе ішлі галасаваць. І важна, каб бюлетэні супраць Лукашэнкі не трапілі ў скрыню. Улада сама не ведае што рабіць.

Тым часам на Лідчыне датэрмінова прагаласавалі 28% выбаршчыкаў.

 

Беларускае Радыё Рацыя