Як праходзяць “выбары” на Берасцейшчыне?



Грубае парушэнне выбарчага заканадаўства ў час галасавання адбылося ў горадзе Баранавічы Берасцейскай вобласці. Назіральнік ад кампаніі ’’За справядлівыя выбары’’ зафіксаваў на ўчастку №40 адкрыты ўкід бюлетэняў у скрыню. Адразу была зроблена афіцыйная заява ў пракуратуру і выкліканыя на месца злачынства прадстаўнікі АБСЕ, – пра гэта распавёў старшыня берасцейскай абласной арганізацыі партыі левых ’’Справядлівы свет’’ Леанід Майструк:

– Быў укід каля 140 бюлетэняў. Афіцыйна была пададзена заява ў пракуратуру, ЦВК, кіраўніцтву кампаніі “Справядлівыя Выбары”.

У Берасці таксама зафіксаваныя выпадкі, калі незалежныя назіральнікі рабілі заўвагі сябрам камісій адносна разыходжання колькасці чалавек, якія прагаласавалі на ўчастках. Як правіла, сябры камісій лічылі гэта стварэннем канфліктных сітуацый і папярэджвалі назіральнікаў.

 

* * *

Каля 1000 выбарчых участкаў працуе на Берасцейшчыне. Выбары на гэты момант праходзяць даволі спакойна. Паведамляе нашая карэспандэнтка ў рэгіёне Аліса Поль:

– Традыцыйна дзень выбараў ладзіцца ў выглядзе свята. На кожным участку арганізаваныя буфеты, выступаюць калектывы мастацкай самадзейнасці – усё гэта прываблівае выбаршчыкаў. Таксама ёсць інфармацыя пра масавы прымус працоўных калектываў і студэнтаў да ўдзелу ў выбарах. Аднак на ўзроўні скаргаў такія звароты не былі зафіксаваныя. За працэсам галасавання, па апошніх дадзеных, назірае больш з 3500 назіральнікаў. Амаль 300 з іх з’яўляюцца замежнымі. Пакуль зафіксавана толькі 3 грубыя парушэнні выбарчага заканадаўства. Гэта пазбаўленне выбарчай акрэдытацыі незалежнага назіральніка Уладзіміра Вялічкіна на выбарчым участку №7. На ўчастку №41 было зафіксавана адразу два парушэнні – гэта незаконнае вынясенне папярэджання сябру партыі левых “Справядлівы свет” Аляксандру Дзенісенка і непрадастаўленне дадзеных старшыні камісіі місіі АБСЕ пра колькасць выбаршчыкаў на ўчастку для галасавання.

Нашая карэспандэнтка ў Бярозе назірае за тым, як праходзіць галасаванне. Ёй удалося зафіксаваць парушэнне:

Я знаходжуся ля ўчастка №11, які размешчаны ў шпіталі Бярозы. Гэта самы складаны ўчастак, бо ходзяць па палатах і галасуюць. Але таксама сюды ідуць галасаваць жыхары мікрараёна ля гэтага шпіталя.

Што мне ўдалося заўважыць? Учора ўвечары я пабывала тут. Сядзіць на ўчастку назіральнік і ад кампаніі “За справядлівыя выбары”. Калі параўнаць, як выглядала скрыня для датэрміновага галасавання ўчора і якой яе ўнеслі сёння, – ёсць розніца. Але ні назіральнік, ні я не можам даказаць, што гэтая скрыня ўночы ўскрывалася, бо не далі ўчора сфатаграфаваць.

На гэтым участку 1853 выбаршчыкі. Прагаласавала ўжо каля 1000 чалавек, калі лічыць разам з датэрміновымі галасамі.

Назіральнікі ад кампаніі “За справядлівыя выбары” па Бярозе раніцай падалі ўсе заявы, каб падлік галасоў быў празрысты. Але ўсе атрымалі адмоўныя адказы.

Выбары “савецкія”: гучыць музыка, стаіць гарэлка, ляжыць танная каўбаса.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце