Якое значэнне мае малы памежны рух для эканомікі рэгіёнаў?



Малы памежны рух паміж Польшчай і Беларуссю – якое мае значэнне для эканомікі рэгіёнаў? Гэта галоўнае пытанне сустрэчы, якую арганізаваў у Беластоку Фонд „Беларускі дом у Варшаве”. У канферэнцыі наконт шанцаў, якія дае МПР, выказаліся прадстаўнікі міністэрстваў, самаўрадаўцы і навукоўцы.

unnamed-6

Паводле дырэктара Дэпартамента аналіза і міграцыйнай палітыкі Міністэрства ўнутраных справаў і адміністрацыі Польшчы Паўла Гута, размовы з беларускім бокам наконт бязвізавага руху для жыхараў памежнай зоны надалей працягваюцца без ліквідацыі падобных аблягчэнняў у дачыненні з Калінінградам:

– Усталяванне малога памежнага руху з адной дзяржавай не азначае, што прыпыняецца  праца з іншай краінай. З Беларуссю ідзе інтэнсіўная праца, якая мае мэтай актывізацыю стварэння гэтага руху, але калі ён будзе адкрыты, пакуль складана паведаміць.

Паводле аналітыка даследчага цэнтра EAST Андрэя Елісеева, прэзідэнту Аляксандру Лукашэнку значных палітычных ці эканамічных выгодаў з пагаднення з Польшчай няма, таму ён і блакуе МПР.

– Ён глядзіць на гэта не з інтарэсаў грамадскіх, а з асабістых. Па-першае, беларусы будуць болей выдаткоўваць у польскім памежжы і пагаршаць замежнагандлёвы баланс. І па-другое, болей беларусаў будуць бачыць, як жывуць палякі, дзе лепшы ровень жыцця і больш дасканалыя дэмакратычныя нормы.

Пагадненне аб так званым малым памежным руху Польшча і Беларусь падпісалі ў 2010 годзе. МПР дазваляе жыхарам памежных тэрыторый наведваць адпаведную тэрыторыю суседняй краіны без візаў на падставе спецыяльнага дазволу.

Лукаш Леанюк, Беласток, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара