Ярмошына чакае высокай палітактыўнасці на выбарах



Старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына чакае высокага ўзроўню палітычнай актыўнасці на парламенцкіх выбарах, якія маюць адбыцца ў Беларусі.

Лідзія Ярмошына

Пра гэта яна заявіла ў інтэрв’ю праграме „Галоўны эфір” тэлеканала „Беларусь 1″, паказаным увечары 10 ліпеня.

„Ужо па тым, як актыўна заявілі пра сябе партыі, прычым партыі апазіцыйныя, тры з нашых апазіцыйных партый, я думаю, што, калі яны змогуць сабраць подпісы, — калі не, то яны заўсёды могуць вылучацца з`ездам, — яны, натуральна, будуць праводзіць сваю выбарчую кампанію”, — сказала кіраўнік Цэнтрвыбаркама.

Пры гэтым яна падкрэсліла, што „рэгістрацыя груп — гэта рэклама партыі, рэклама кандыдатаў”.

„Таму яны рыхтуюцца да сур`ёзнай барацьбы, — упэўнена Лідзія Ярмошына. — Трэба пераканаць, перш за ўсё, выбаршчыкаў. Акруга можа быць, не дай Бог, безальтэрнатыўнай. Але ў гэтым выпадку кандыдату трэба пераканаць выбаршчыкаў, што неабходна прыйсці на выбарчыя ўчасткі, што гэта ім выгадна. А гэта заўсёды выглядае палітычна востра”.

Парламенцкія выбары ў Беларусі пройдуць 11 верасня.

belapan.by