Ярмошына: Маргіналам не месца ў выбарчых камісіях



Старшыня Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзія Ярмошына ў інтэрв’ю праграме „Галоўны эфір” тэлеканала „Беларусь 1”, паказаным вечарам 31 ліпеня, пракаментавала незадаволенасць апазіцыйных сілаў сваім колькасным прадстаўніцтвам у выбарчых камісіях.

Лідзія Ярмошына

Незадаволеныя, паводле слоў Ярмошынай, „прадстаўнікі тых рухаў і партый, грамадскіх аб’яднанняў, якія пазіцыянуюць сябе як наша палітычная апазіцыя. Іх заяўка задаволена на 17%”.

„Людзі, уключаныя ў склад выбарчых камісій, гэта грамадзяне, якія даўно працуюць на выбарах, вядомыя, станоўча характарызуюцца, — патлумачыла кіраўнік ЦВК. — І там няма нічога асабістага. Чалавек добры, чалавек надзейны — значыць, ён, незалежна ад палітычных поглядаў і крытыкі ўлады, уключаецца ў выбарчую камісію”.

У той жа час, як адзначыла Ярмошына, „калі чалавек нідзе не працуе, не валодае дастатковай адукацыяй, паводзіць сябе адкрыта маргінальна, не плаціць падаткі як падаткаплацельшчык, то бок нідзе не працуе, то, зразумела, ён не можа лічыцца стаўпом грамадства і чалавекам дастаткова рэспектабельным, каб уваходзіць у склад выбарчай камісіі”.

belapan.by