Ярмошына: Рэгістрацыя кандыдатаў была больш ліберальнай



521 чалавек зарэгістраваны кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі шостага склікання, паведаміла старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына.

Лідзія Ярмошына

Дакументы на рэгістрацыю кандыдатам у дэпутаты падалі 630 чалавек. Было адмоўлена ў рэгістрацыі 93 прэтэндэнтам, яшчэ 16 адклікалі заявы аб жаданні балатавацца. 36,3% зарэгістраваных кандыдатаў не знаходзяцца ў партыях, 63,7%, або 332 чалавекі, з’яўляюцца іх прадстаўнікамі.

Кандыдатамі ў дэпутаты папярэдне зарэгістраваныя пяць прадстаўнікоў Беларускай партыі „Зялёныя” (вылучаліся пяць чалавек), 38 — Беларускай партыі левых „Справядлівы свет” (46), 16 — Беларускай патрыятычнай партыі (18), 27 — Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) (28), 45 — Камуністычнай партыі Беларусі (52), 77 — Ліберальна-дэмакратычнай партыі (90), 57 — Аб’яднанай грамадзянскай партыі (67), 49 — Партыі БНФ (60), 18 — Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці (20).

Сярод кандыдатаў 129 жанчын; узрост 51 чалавека не перавышае 30 гадоў. У ліку кандыдатаў 28 дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў дзейнага склікання і 43 дэпутаты мясцовых саветаў.

„Магу сказаць, што працэс рэгістрацыі кандыдатаў быў сёлета больш ліберальным, чым чатыры гады таму. Адмоў у рэгістрацыі было на 10% менш. Канкурэнцыя на выбарах будзе большай, сярэдняя напаўняльнасць акругі складае 4,7 чалавека на месца”, — адзначыла Ярмошына.

Яна паведаміла, што безальтэрнатыўных акругаў на гэтых парламенцкіх выбарах няма.

З дня рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты і па 10 верасня ўключна будзе праходзіць перадвыбарная агітацыя.

Кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў мае права бясплатна апублікаваць сваю перадвыбарную праграму ў адной з рэспубліканскіх газет („Звязда”, „Народная газета”, „Рэспубліка”), адпаведнай абласной і мінскай гарадской газеце („Заря”, „Витебские вести”, „Гомельская праўда”, „Гродзенская праўда”, „Мінская праўда”, „Магілёўскія ведамасці”, „Вечерний Минск”), а таксама ў раённай ці гарадской газетах, якія выдаюцца на тэрыторыі канкрэтнай выбарчай акругі.

Акрамя таго, кандыдат у дэпутаты мае права на адзін бясплатны выступ па тэлебачанні і адзін выступ па радыё працягласцю не большай за пяць хвілін кожны.

Кандыдаты, якія балатуюцца ў акругах, утвораных на тэрыторыі Менска, змогуць выступіць у эфіры тэлеканала „Беларусь 3″ і радыёстанцыі „Радио-Минск”, Менскай вобласці — у эфіры тэлеканала СТВ і радыёстанцыі „Минская волна”, іншых абласцей — у эфіры абласных тэлерадыёкампаній. Эфірны час для выступаў выдзяляецца па працоўных днях з 15 жніўня па 2 верасня на тэлебачанні — з 19.00 да 20.00, на радыё — з 7.00 да 8.00.

Прадугледжанае таксама правядзенне тэледэбатаў, калі ў іх пагодзяцца ўзяць удзел не менш як два кандыдаты, што балатуюцца ў адной выбарчай акрузе. Пры гэтым эфірны час на дэбатах будзе давацца з разліку: не больш за 5 хвілін — аднаму кандыдату і 5 хвілін — вядучаму дэбатаў.

Парламенцкія выбары пройдуць 11 верасня.

belapan.by