Ярмошына: Змяніць выбарчую сістэму можна без правядзення рэферэндуму



Змяніць выбарчую сістэму Беларусі можна без правядзення рэферэндуму, паведаміла 30 сёння журналістам старшыня Центрвыбаркама Лідзія Ярмошына. „Гэта можна зрабіць праз галасаванне парламента, калі адпаведную прапанову падтрымае парламенцкая большасць”, — сказала яна, каментуючы прапанову Ліберальна-дэмакратычнай партыі (ЛДП).

На мінулым тыдні ЛДП прапанавала правесці ў 2018 годзе паралельна з мясцовымі выбарамі рэферэндум, адным з пытаннем якога стала б магчымасць пераходу на прапарцыйна-мажарытарную сістэму выбараў.

„Гэта міжнародным стандартам не супярэчыць, таму ЛДП мае права гэта вылучаць. Але прызначаць рэферэндум у нас мае права толькі адзін чалавек у краіне — кіраўнік дзяржавы. Усё залежыць ад таго, наколькі гэта ідэя завалодае масамі, наколькі яна будзе папулярная ў грамадстве”, — патлумачыла Ярмошына. Пакуль, дадала яна, ЦВК да рэферэндуму не рыхтуецца, бо ніякіх даручэнняў на гэты конт не было.

Кіраўнік Цэнтрвыбаркама таксама паведаміла, што пакуль у Беларусі не вядзецца праца па распрацоўцы паправак у выбарчае заканадаўства. „Чакаем візіту Кента Харстэда (каардынатар кароткатэрміновых назіральнікаў БДІПЧ АБСЕ на парламенцкіх выбарах у Беларусі, віцэ-старшыня Парламенцкай асамблеі АБСЕ. —  БелаПАН.) з канчатковай справаздачай аб назіранні за выбарамі, — сказала яна. — Пасля гэтага мы адпаведны даклад прадставім кіраўніку дзяржавы з просьбай прызначыць нараду, накіраваную на выпрацоўку нейкіх паправак. Суб’ект заканадаўчай ініцыятывы павінен даць даручэнне. Суб’ектамі заканадаўчай ініцыятывы ў нас з’яўляюцца дэпутаты, прэзідэнт, урад. Але, як правіла, даручэнні па палітычных законах дае кіраўнік дзяржавы”.

belapan.by