Юрась Губарэвіч: Не бачым сэнсу паўтарацца



Намеснік старшыні руху “За свабоду” Юрась Губарэвіч патлумачыў, чаму іх арганізацыя не жадае прымаць удзел у Кангрэсе дэмакратычных сілаў.

Экс-кандыдаты ў прэзідэнты Уладзімір Някляеў і Мікалай Статкевіч працягваюць ездзіць па рэгіёнах, дзе агітуюць за Кангрэс дэмакратычных сілаў, які плануецца правесці 15 траўня. Тым часам, частка апазіцыі па-ранейшаму не жадае далучацца да гэтага мерапрыемства.

Юрась Губарэвіч: Калі казаць пра вынікі Кангрэса, то трэба найперш успомніць, якія мэты ставіліся арганізатарамі. Наш рух амаль паўгода вёў перамовы з прадстаўнікамі аргкамітэта па правядзенні мерапрыемства, але да гэтага часу нам не здолелі сфармуляваць, якім ім бачыцца вынік, наколькі мерапрыемства паўплывае на змену сітуацыі ў Беларусі і наколькі здолее кансалідаваць апазіцыю. Зыходзячы з гэтага мы і прынялі рашэнне, што немэтазгодна марнаваць час на ўдзел у Кангрэсе, калі наперадзе парламенцкія выбары. Зараз неабходна мабілізаваць нашых актывістаў перадусім для працы з новымі людзьмі. Бо тыя дэкларацыі, якія зараз знаходзяцца ў публічнай прасторы, фактычна паўтараюць тыя самыя тэзы, што ўжо неаднаразова агучвала апазіцыя. У тым ліку, і рух “За свабоду”. Мы не бачым ніякіх асаблівых супярэчнасцей у Кангрэсе, але не бачым і сэнсу паўтараць усім даўно вядомыя рэчы. А калі казаць пра нейкія практычныя вынікі мерапрыемства (напрыклад, стварэнне адзінага спісу апазіцыі), то сёння, фактычна за месяц да пачатку выбарчай кампаніі, тыя кандыдаты, якія плануюць сур’ёзна падыйсці да ўдзелу, яны гэтую працу пачалі досыць даўно, і зараз перакройваць гэтае палітычнае поле ніхто не будзе. Гэта выглядае не зусім разумным падыходам. Ды і без правядзенне Кангрэсу ёсць механізм узгаднення гэтага супольнага спісу, які быў прапанаваны правацэнтрысцкай кааліцыяй. Таму адзіны вынік, які можа быць, – гэта для тых досыць вядомых палітыкаў, якія не маюць рэальных структур, набраць сабе актывістаў пад правядзенне Кангрэсу.

РР: Ці не прывядзе гэта да далейшага раз’яднання апазіцыі?

Юрась Губарэвіч: Мяркую, што гэтага не адбудзецца. Усе – досыць адэкватныя людзі, не першы раз мы сутыкаемся з такой актыўнасцю унутры палітычнага поля. Пройдзе час, і кожны будзе займацца той справай, якой лічыць патрэбнай. Для нас галоўная задача гэтага году – данясенне супольнага паслання правацэнстрыскай кааліцыі і праца падчас парламенцкай кампаніі. А дамовіцца ўнутры апазіцыі, думаю, заўсёды здолеем.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя