Юрась Губарэвіч: Сітуацыя з адменай санкцый не адназначная



Сітуацыя з адменай кропкавых абмежаванняў супраць прадстаўнікоў беларускага рэжыму не адназначная, лічыць першы намеснік старшыні Руху „За свабоду” Юрась Губарэвіч.

Юрась Губарэвіч

З аднаго боку, відавочны настрой кіраўніцтва краін Еўразвяза пайсці калі не на поўную адмену, то на працяг мараторыя на гэтыя абмежаванні. Гэта выклікана не столькі некаторым змякчэннем рэпрэсій унутры Беларусі, колькі станоўчай ацэнкай нейтральнай пазіцыі Аляксандра Лукашэнкі, якую ён заняў у дачыненні да рэгіянальнага крызіса паміж Расеяй і Украінай. Гэта, на думку заходніх лідараў, мусіць быць пазітыўна ацэнена і прастымулявана, лічыць Юрась Губарэвіч:

– Аднак для нас, як для жыхароў Беларусі, важнае значэнне мае і ўнутраная атмасфера. Мы бачым, што ў пытанні выбарчай кампаніі нічога не змянілася. Прэзідэнцкія выбары прайшлі так, як праходзілі ўсе мінулыя гады. Наперадзе парламенцкія выбары і вельмі важна, каб улада мела стымул зменаў не толькі ў пытаннях заканадаўства, але і практыцы правядзення парламенцкіх выбараў.

Такім стымулам можа стаць адтэрміноўка зняцця абмежаванняў з тых чыноўнікаў, якія мелі дачыненні да фальсіфікацыі выбараў і рэпрэсій супраць апазіцыі.

Разам з тым Юрась Губарэвіч падкрэсліў, што Рух „За свабоду” лічыць неабходным аддзяліць абмежаванні супраць асоб, вінаватых у парушэнні правоў грамадзянаў, ад эканамічных абмежаванняў, пад якія патрапілі некаторыя прадпрыемствы. Асабліва істотна гэта ва ўмовах нарастаючага эканамічнага крызісу, а таксама дадатковых магчымасцяў для выхаду Беларусі на рынкі Еўропы.

„Вельмі важна ў гэтых умовах, каб беларуская эканоміка была пазбаўлена ад дадатковага ціску”, – лічыць Юрась Губарэвіч.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск