Юрась Губарэвіч: Сцэнар датэрміновага галасавання ніхто не адмяняў



Кандыдат у дэпутаты Юрась Губарэвіч распавёў, як на яго акрузе праходзіць датэрміновае галасаванне.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Юрась Губарэвіч: Якраз на маёй акрузе ў сталіцы ўжо былі выпадкі, якія можна назваць выключнымі нават для гэтай сістэмы. Калі не памыляюся, на 637-м участку ўжо прагаласавлі каля 1000 чалавек з 2100. Амаль 50 адсоткаў, і гэта толькі за першы дзень датэрміновага галасавання! Адметна, што ўчастак размяшчаецца на тэрыторыі інтэрнатаў БНТУ і відавочна, што студэнты галасавалі альбо пад прымусам, альбо пад пэўным стымулам. Усё гэта сведчыць пра тое, што ўлада, як і раней зацікаўлена ў накручванні лічбаў па датэрміноваму галасаванню. Бо менавіта бюлетэні, якія патрапяць у датэрміновыя скрыні, вельмі лёгка падмяняюцца і вельмі лёгка фальсіфікуюцца. Акрамя таго, як адзначаюць назіральнікі, разыходзяцца дадзеныя падліку саміх назіральнікаў, якія цэлы дзень прысутнічаюць на ўчастку і лічаць усіх, хто прыйшоў, і падлікі чальцаў камісій. Такія разыходжанні складаюць вельмі істотны адсотак. А гэта ўжа сведчанне таго, што камісія плануе ўкід дадатковых бюлетэняў, каб кампенсаваць розніцу. Так што нічога не змяняецца за апошнія 20 гадоў. Як яны праводзіліся пад кантролем выканаўчай улады, так і праводзяцца да гэтага часу.    

РР: Учора ж Лукашэнка заклікаў “не заганяць людзей” на датэрміновае галасаванне…

Юрась Губарэвіч: Гэта проста словы для публікі, а сама сістэма дзейнічае па ранейшаму сцэнару. І гэты сцэнар ніхто не адмяняў. Мэта ўлады – дасягнуць неабходнага выніку і зрабіць выгляд, што гэты вынік – свядомы выбар беларускіх грамадзян.

РР: Датэрміновае галасаванне можа паўплываць на канчатковыя вынікі па абранні дэпутатаў?

Юрась Губарэвіч: Так, бо яно складае вельмі вялікую частку ад агульнай колькасці людзей, якія прынялі ўдзел у галасаванні. Лічбы такія, што можна заносіць у Кнігу рэкордаў Гінеса. І, паўтаруся, найбольш зручна рабіць маніпуляцыі з бюлетэнямі менавіта пры датэрміновым галасаванні, калі скрыні з лістамі знаходзяцца па-за ўвагай назіральнікаў. А значыцца, які б не быў папулярны кандыдат, у адзін момант яго шанцы могуць стаць нулявымі.  У такім выпадку нават публічны падлік галасоў у асноўны дзень галасавання не здольны нічога прадэманстраваць.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота Генадзя Барбарыча