Юрый Чавусаў: Афіцыйны Менск выкарыстоўвае статус Ватыкана



Аляксандр Лукашэнка едзе ў Ватыкан. Ягоны візіт — палітычны ці рэлігійны? Пра магчымы, першы пасля зняцця санкцый, візіт кіраўніка Беларусі ў Еўрасаюз паведаміла выданне ўрада Расеі «Российская газета», а ў прэс-службе беларускага кіраўніка толькі пацвярджаюць, што паездка сапраўды значыцца ў планах. Паводле інфармацый Аляксандр Лукашэнка наведае Італію, дзе ў яго запланаваныя сустрэчы з кіраўніком дзяржавы Серджа Матарэлам і Папам Францішкам. «У палітычным плане гэты візіт для Аляксандра Лукашэнкі сапраўды важны, » — заўважыў у нашым эфіры палітолаг Юрый Чавусаў.

РР: Ці сапраўды мы можам казаць пра нейкі прарыў? Што з Аляксандра Лукашэнкі санкцыі знятыя і цяпер ён можа сабе дазволіць паехаць у Еўропу. Абраная Італія, з якой у нас і раней былі больш-менш нармальныя стасункі сярод іншых еўрапейскіх краінаў.

Юрый Чавусаў: Сапраўды, тут бачыцца некі паўтор той сітуацыі, што была ў час мінулага пацяплення стасункаў паміж Менскам і Еўразвязам у 2008 – 2009 годзе. Афіцыйны Менск выкарыстоўвае Ватыкан, Каталіцкую Царкву, як заходнюю структуру, якая займае прамежкавую пазіцыю паміж грамадскімі і дзяржаўнымі структурамі і імкнецца выкарыстоўваць сувязі з Ватыканам дзеля наладжвання ўзаемадачыненняў з Еўропай. Вядома, некаторыя з гэтых амбіцыяў былі нерэалізаваныя як, напрыклад, ідэя арганізацыі ў Беларусі сустрэчы прадстаўнікоў Ватыкана і прадстаўнікоў Расейскай праваслаўнай царквы. Мы бачым, што і без Лукашэнкі гэтыя справы вырашаюцца, але менавіта праз тыя паўфармальныя кантакты з Ватыканам Менск наладжваў стасункі з Еўразвязам і цяпер мы бачым, што візіт у Ватыкан робіцца першай спробай прамацаць рэжым зняцця санкцыяў. Нягледзячы на тое, што візіт, як і ў мінулы раз, робіцца з акцэнтам на Ватыкан, сустрэча з афіцыйнымі ўладамі Італіі, краіны Еўразвязу, таксама ў планах. То бок Менск выкарыстоўвае статус Ватыкана як пэўнае «акенца» у Еўразвяз.

РР: А чаму менавіта Ватыкан? Гэта краіна, якая запрашае, ці гэта тая краіна, з якой Аляксандру Лукашэнку ёсць пра, што сёння пагаварыць?

— Я думаю, што тут проста той фактар, што палітыкі краінаў Еўразвязу не гатовыя ставіць на кон сваёй палітычнай рэпутацыі, прымаючы чалавека, які зусім нядаўна лічыўся апошнім дыктатарам у Еўропе. Цяпер ён можа і не апошні, але ўсё адно гэта краіна недэмакратычная і Ватыкан, як краіна, не звязаная з гэтымі палітычнымі забабонамі Еўразвязу, робіцца нагодай для візіту, а ўжо апроч гэтага сустрэча з прэзідэнтам Італіі ці як мінулым разам — з прэм′ер-міністрам. Пасля гэтага наступны візіт становіцца не першым, а другім і тады ён можа быць у Літву ці ў Аўстрыю: у тыя краіны, дзе беларускі рэжым мае больш прадметныя палітычныя зацікаўленасці. Што да прадмету перамоваў з Ватыканам наўпрост, дык тут, вядома, ёсць пытанні статусу Каталіцкай Царквы ў Беларусі і, магчыма, афіцыйны Менск можа прапанаваць заключэнне канкардату. То бок, насамрэч, бакам ёсць пра што паразмаўляць у сэнсе двухбаковых стасункаў. Каталіцкая Царква — гэта ўсё ж такі сусветная структура, якая стаіць па-над пытаннямі кшталту дыктатар Лукашэнка ці не, у яе ёсць больш доўгатэрміновыя ўласныя зацікаўленасці.

РР: Хочацца зразумець колькі ў гэтым візіце ў Ватыкан палітычнага, а колькі рэлігійнага?

— Я думаю, што для Аляксандра Рыгоравіча тут асноўнае — палітычнае. Таксама палітычныя аспекты тут ёсць і для Еўразвязу, які бачыць, што першая краіна пасля зняцця санкцыяў куды Аляксандр Лукашэнка накіроўваецца, гэта ўсё ж такі не краіна Еўразвязу, а структура з больш грамадскім уплывам. Што тычыцца зацікаўленасці самой Каталіцкай Царквы, дык зацікаўленасць не замежна-палітычная, а звязаная з рэлігійнай сітуацыяй і становішчам ды пытаннямі Касцёла ў Беларусі.

РР: У Менску прагучала заява ад Андрэа Рыгоні, дакладчыка па Беларусі Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы (ПАРЕ), які сказаў, што Беларусь павінна ўвайсці ў ПАРЕ і што будучыя парламенцкія выбары павінны стаць лакмусавай паперкай ды паказаць, наколькі ў Еўропу гатовая Беларусь. Здаецца мы вельмі часта чуем падобныя выказванні. Як толькі пачынаецца нейкая палітычная кампанія, дык з Еўропы гучыць такая фраза: Гэтая палітычная кампанія мусіць паказаць, ці Беларусь гатовая да збліжэння з Еўропай. Вам не здаецца, што тут ёсць нейкае дэжа-вю?  

— Пазіцыя спадара Рыгоні вядомая, ён яе займае шмат гадоў, і тут ёсць пэўная іронія, што нягледзячы на ягоныя выказванні як дакладчыка па Беларусі, у самой ПАРЕ стаўленне да Беларусі не такое аптымістычнае. То бок пытання адмены смяротнага пакарання недастаткова для таго, каб наладжваць афіцыйныя стасункі і запрашаць беларускі парламент у склад парламенцкай асамблеі. У ПАРЕ хапае дэпутатаў прадстаўнікоў розных краінаў, якія могуць задаць нязручныя пытанні адносна нявырашанага пытання з пакараннем людзей, што вінаватыя ў выкраданні палітыкаў і, уласна кажучы, для таго, каб прызнаць парламент легітымным, усё адно трэба праводзіць выбары належным чынам: у адпаведнасці з еўрапейскімі стандартамі.

РР: Яны як быццам бы намякаюць, што ў гэтым новым парламенце з’явіцца апазіцыя, альбо павінна з’явіцца апазіцыя. Як вы думаеце?

— Гэтым разам з боку беларускіх уладаў ніякіх такіх намёкаў нават няма. Калі параўноўваць з 2008 годам, дык тады заходнія эмісары і заходнія дыпламаты былі больш упэўненыя ў тым, што гэтая ўмова будзе выкананая. Цяпер хутчэй гаворка пра тое, каб правесці выбары гэтак жа як прайшлі прэзідэнцкія выбары: без выкарыстання гвалту і скажам так, ціха — знешне падобна да звычайнай выбарчай кампаніі. І гэта некаторымі палітыкамі ўжо можа разглядацца як дастатковы прагрэс. Але я падазраю, што апроч Рыгоні і падобных палітыкаў у Еўропе дастаткова цвярозамыслячых афіцыйных дзеячаў, якія разумеюць, што зніжаць планку ўмоваў для таго, каб запрашаць беларускі парламенту ПАРЕ нельга, бо гэта будзем патуранне дыктатару.

Падчас мінулага пацяплення беларуска-еўрапейскіх адносінаў у 2009 годзе Аляксандр Лукашэнка таксама наведваў Італію і Ватыкан. Паводле палітолага такім чынам еўрапейскія лідары здымаюць з сябе адказнасць, каб не сустракацца «з палітычным ізгоем», а Ватыкан у Еўропе структура — не палітычная.

Гутарыў Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя