Юрый Хашчавацкі: Корань усіх праблем – “звычайны прэзідэнт”!



Цэнтрвыбаркам і Менгарвыканкам адначасова адмовілі разглядаць скаргі кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, вядомага кінарэжысёра Юрыя Хашчавацкага. Яны тычыліся цэнзуры яго перадвыбарчай праграмы ў газеце „Вечерний Минск”. Тым не менш, яго выступ на БТ на гэтым тыдні, які таксама быў прысвечаны асобе Лукашэнкі, прызнаны самым яркім і сенсацыйным.

Юрый Хашчавацкі

Юрый Хашчавацкі: Патэлефанаваў у менскі выбаркам – хлопцы, хіба з розуму саскочылі?! Да маёй галавы з іншага здымка прышпіліць касцюм, якога ў мяне  жыцці не было? Навошта?! Адказваюць – каб усё было „единообразным”. Кажу – але ж мы ўсе розныя!

^3882D0690BFA109D7A6677B5E721F43FD600837AC9E77EF568^pimgpsh_fullsize_distr

РР: Як усё-ткі стаў чальцом выбарчай кампаніі, супраць чаго, ведаю, быў заўжды?

Юрый Хашчавацкі: Ну так, не творчая гэта справа. Але такія часы насталі, што ўсе мусяць паспрабаваць нешта зрабіць. Кроў з носу, неабходна пачаць гаварыць з людзьмі – не абяцаючы залатыя горы і без папулізму. А прад’яўляючы ім праграму. У гэтым сэнсе з боку ўладаў ды афіцыйных СМІ процьма хлусні. Што, маўляў, у апазіцыі няма „нічэво канструктыўнага”. Ды ёсць! І ў хрысціянскіх дэмакратаў, і ў АГП. Дайце веры – у апошняй сабраныя самыя аўтарытэтныя эканамісты. Імёны? І Багданкевіч, і Злотнікаў , і Заіка. Бліскучыя ж вытворцы – адзін Шлындзікаў чаго каштуе! Пасля яго „Амкадор” так і падняўся зламаны. 20 год гэтыя людзі, аднак, чуюць спрэс знявагі. Дый таму што яны разумней гэтай улады – ўсе цудоўна бачаць.

7E93B40B14ED3749F286F6A598BC2FA7299AD6CCDAE5496563pimgpsh_fullsize_distr

РР: Можа таму твой нашумелы тэлевыступ быў прысвечаны шмат у чым асобе „самага бацькоўскага” чалавека Беларусі?

Юрый Хашчавацкі: Хутчэй нашым людзям, якіх той называе „народ”, „электарат”. А я сказаў – суайчыннікі, землякі. І мэта выступу – растлумачыць ім, што корань праблем сапраўды ў Лукашэнку. Пры чым ацэнку даў зусім не радыкальную. Магу працытаваць тое, што падрыхтаванае для „Вечернего Минска”. „20 лет мы жывём в режиме единовластия. Все решения принимает один не очень-то образованный человек, главной целью которого является не развитие Беларуси, а удержание личной, ничем не ограниченной власти.” З гарадской газеты мне прыйшлі лісты, дзе цвердзіцца, што я „парушаю закон”. Маўляў, перарабіце і мы надрукуем. Не буду нічога перарабляць!

РР: Але ж нават на незалежных сайтах з’явіліся „тэзы”, што Лукашэнка мяняецца. Можа маецца, што з’яўляецца чарговая мімікрыя ў гэтакага міратворцу, што глядзіць не толькі на Усход, але і на Захад?

Юрый Хашчавацкі: Ніколі ні на ёту ён не зменіцца! Яму гэта не адпавядае арганічна. „Чорнага кабяля не адмыеш дабяла”! Вазьмі любую праблему, пачні раскручваць і непазбежна упрэшся ў вяршыню піраміды, дзе Лукашэнка.  Відавочна, ён старэе, відаць, слабее. Вакол з’яўляюцца маладыя ваўкі, што шчоўкаюць зубамі. Ён гэта адчувае, але, як агню, баіцца змянаў у грамадстве. Колькі раз ужо сёлета ён казаў – „не падсоўвайце мне рэформаў!” Між іншым, зразумела, што калі ў эканоміцы і палітыцы іх не адбудзецца, мы… развалімся, перастанем існаваць. Усё ж спынілася! Людзям унушалі, што „усё добра”. Насамрэч за чый кошт жылі? За расейскія грошы ды крэдыты. Тым часам, Расея, як удаў, сціскала нашы эканоміку і палітыку. І задавіла! А што яна ёсць сёння? Фарбаваны металалом,  мыльны пузыр, што надзьмувалі расейскія грошы. Але грошай не стала. Дарэчы, асабіста я заўжды выступаў супраць крэдытавання. Прыгадаем, на што браныя былі патрачаныя? На рэзідэнцыі па 200-300 млн даляраў? На прэзідэнцкі самалёт за тую ж суму? І на тое, каб выплаціць капейчыны пенсіянерам, каб людзі не шабуршэлі? А хто іх аддаваць будзе? Вашы дзеці, унукі! Гэта рабаўніцтва! Але таму дакаціліся да сённяшняга жыцця. Паглядзіце ў свае кашалі –  ўсе ўзаемазалежнае. Калі ў вас парламент пустое месца – такія ж і кашалі…

0D03EFB24737F09EE598BC9E917C3E4CEB8FA23D7A3A30B7F5pimgpsh_fullsize_distr

Юрый Хашчавацкі балатуецца па 94-й Свіслацкай акрузе Менску. 8 верасня на тэлеканале „Белсат” выйдуць у эфір тэледэбаты з удзелам кінарэжысёра, а таксама некаторых з яго 6 супернікаў па выбарчай акрузе.

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя, Менск