Юрый Шульган збіраецца пазмагацца за парламенцкае крэсла



Прэтэндэнт на прэзідэнцкую пасаду на выбарах 2015 года “дармаед” Юрый Шульган не пакідае сваіх палітычных амбіцый.

darm2Учора Юрый Шульган і экс-кіраўнік яго выбарчага штабу Паўлюк Канавальчык даведаліся, што Менскі гарадскі суд пакінуў рашэнне раённага суда ў сіле.

Нагадаем, яшчэ ўлетку Маскоўскі суд Менска аштрафаваў Юрыя Шульгана на 5 мільёнаў 400 тысяч рублёў „за нецэнзурную лаянку”. Шульган быў затрыманы 17 ліпеня каля будынка ЦВК. Ён збіраўся занесці туды дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы. Аднак Юрыя Шульгана не прапусцілі, ахова палічыла, што ён не надта цвярозы. Яго затрымалі разам з кіраўніком групы Паўлюком Канавальчыкам. Апошняга таксама аштрафавалі „за нецэнзурную лаянку” на 5,4 млн рублёў. Абодва гэтыя судовыя рашэнні абскардзілі.

Паўлюк Канавальчык: Нягледзячы на тое, што Менскі гарадскі суд пакінуў у сіле рашэнне раённага, мы будзем працягваць абскарджванне. Спачатку звернемся да старшыні гарадскога суда, затым, калі спатрэбіцца, – у Вярхоўны Суд. Не пойдзе нам насустрач Вярхоўны Суд – будзем рухацца далей, бо справа цалкам пашытая белымі ніткамі. Фактуры хапае, каб даказаць нашу невінаватасць. Міліцыянты спяшаліся і нарабілі столькі дакументаў, што яны супярэчаць адзін аднаму. Таму ў нас застаецца надзея на справядлівасць.

РР: Пасля таго, як сыйшлі з дыстанцыі на прэзідэнцкіх выбарах, сачылі за тым, як яны праходзілі?

Паўлюк Канавальчык: З большага, бо займаліся сваімі юрыдычнымі справамі. А ўвогуле, выбары прайшлі па сцэнары ўлады, напэўна, мелася на ўвазе, што ў такой форме яны і адбудуцца. Наша з Юрыем Шульганам задача была – унесці ў гэтую сумную кампанію нейкую здаровую шызу. На жаль, гэта не атрымалася, таму выбары ніякіх сюрпрызаў нікому не прыпаднеслі.

РР: Можа быць, спадар Шульган паспрабуе свае сілы падчас парламенцкай кампаніі ў наступным годзе?

Паўлюк Канавальчык: Такі намер у яго ёсць. Мы гэта абмяркоўвалі, тым больш, што засталася напрацаваная база з прэзідэнцкай кампаніі, пэўны досвед працы з электаратам. Але канчаткова вызначымся бліжэй да выбараў, паглядзім, што там будзе за сітуацыя. Паўтаруся, сам спадар Шульган не супраць паўдзельнічаць. Зрэшты, у нас быў і застаецца алімпійскі прынцып – галоўнае не перамога, а ўдзел.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя