З пустога ў пустое?



“За словамі пра новую эканамічную палітыку нічога не стаіць”, – лічыць эканаміст Барыс Жаліба.

Падчас паслання парламенту і народу Лукашэнка задаваўся пытаннямі: “Людзі чакаюць адказу на галоўнае пытанне: што будзе далей? Што будзе з курсам рубля і коштамі? Што будзе з працоўнымі месцамі як на дзяржпрадпрыемствах, так і ў прыватным сектары? Што новага прапаноўвае ўлада у адказ на відавочныя крызісныя з’явы ў нашай эканоміцы і эканоміцы нашых суседзяў?”

Дарэчы, разгорнутых адказаў на гэтыя пытанні народ так і не пачуў. Тады каму адрасаваліся пытанні? І што насамрэч “будзе далей” з беларускай эканомікай?

Барыс Жаліба: Улада такім чынам паказала, што быццам бы ведае пра праблемы народа і павінна іх вырашаць. Праўда, у межах той мадэлі, якая створана ў Беларусі, ніхто не ведае, якім чынам вырашаць. І не будуць вырашаць, калі не пабураць мадэль аўтарытарнай эканомікі. Таму выхад улада будзе шукаць там дзе і раней – перакрэдытаванне ў Расеі. Хоць трэба сказаць, што паралельна беларускія эканамічныя ўлады вядуць інтэнсіўныя перамовы з МВФ на прадмет размяшчэння на мільярд даляраў сваіх аблігацый. Але гэта справа доўгая і невядома чым закончыцца. А крэдытная падтрымка (не менш за 2 мільярды) патрэбна сёння і нават патрэбна была ўжо ўчора. Таму ўсе спадзяванні на Расеі.

РР: Таму і была такая рыторыка паслання, што, маўляў, мы частка рускага свету, будзем абараняць Расею?

Барыс Жаліба: Так. Думаю, Крэмль не вельмі быў задаволены ўдзелам Беларусі ў саміце “Усходняга партнёрства”, нядаўнім візітам Лукашэнкі ў Грузію, таму трэба было яшчэ раз падкрэсліць, што Масква для Беларусі – гэта святое. Таму што грошы ў бліжэйшай будучыні афіцыйнаму Менску можа даць толькі Масква. І, думаю, дасць. Іншая рэч, якімі ўмовамі Крэмль абставіць свае пазыкі. У гэтым уся інтрыга.

РР: Падчас таго ж паслання было заяўлена, што ў Беларусі да канца года будуць прыняты важныя рашэнні ў эканамічнай палітыцы, прыбярэцца залішні кантроль за эканомікай… Вы ў гэта верыце?

Барыс Жаліба: За словамі пра новую эканамічную палітыку нічога не стаіць. Проста ўладзе нічога не застаецца, як казаць такое. Нічога не прыдумаюць акрамя нейкіх паўмераў, якія крыху лакіруюць тую эканамічную мадэль, што існуе. Хоць структурныя рэформы, якія датычацца пытанняў уласнасці, прыватызацыі, адносінаў да бізнесу, даўно пераспелі. А абяцаць можна што заўгодна. Колькі іх было ўжо дадзена за апошнія 20 гадоў?.. Сотні. А воз – на месцы.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота odnako.org