Забойства Паўла Шарамета: каму выгодна? Погляд з Украіны



Забойства журналіста Паўла Шарамета абмяркоўваюць ва Украіне. Апошнія гады Шарамет стала жыў у Кіеве, працаваў выканаўчым дырэктарам  інтэрнэт-газеты “Украінская праўда”, а таксама на  “Радыё-Весці”.

Павел Шарамет

Так сталася, што гвалтоўная смерць Паўла Шарамета – ужо шостае забойства журналістаў ва Украіне толькі за 2016 год.

Чаму Украіна становіцца надта небяспечнай для журналісцкай працы? Як успрынялі смерць Паўла Шарамета ўкраінскія калегі? Ці варта чакаць хуткага выкрыцця злачынства? І ўвогуле – забойствы журналістаў ва Украіне – гэта ўжо тэндэнцыя?

На пытанні нашага ўкраінскага карэспандэнта Марціна Войны адказвае Пётр Антоненка, адзін са старэйшых і найаўтарытэтнейшых журналістаў Чарнігаўшчыны.

Пётр Антоненка: Тэндэнцыя, на вялікі жаль, ёсць. Звязаная яна, на мой погляд, з той напружанай сітуацыяй, якая цяпер ва Украіне. Гэта і вайна, і акупацыя, і эканамічны крызіс, які цягнецца ўжо колькі гадоў…

РР: Павел Шарамет працаваў ва “Украінскай праўдзе”, а таксама на “Радыё-Весці”, прытым апошні медыйны рэсурс вельмі неадназначна ацэньваўся ва ўкраінскіх патрыятычных колах. Ці можа быць забойства Шарамета скарыстанае крамлёўскімі прапагандыстамі, як у свой час – забойства Олеся Бузіны?

Пётр Антоненка: Масква ў сваіх мэтах выкарыстоўвае абсалютна ўсё. Што тычыцца неадназначнасці публікацый Паўла Шарамета… Вядома ж, камусьці тыя публікацыя падабаліся, камусці – не. Вядома ж, вельмі шкада Паўла – і як чалавека, і як калегу-журналіста, і як прадстаўніка братняга нам беларускага народа. Вельмі шкада, што ў нас ва Украіне такое адбываецца. І што асноўнымі брэндамі Украіны сталі Чарнобыль і Гангадзэ. Справа тут не толькі ў такіх трагічных выпадках. Але і ва ўзроўні свабоды слова ў нашай краіне, які недапашчальна нізкі. У структуры і ў стане нашых сродкаў масавай інфармацыі, якія відавочна не адпавядаюць дэмакратычным нормам. Але ж маю сказаць і пра іншае. На вялікі жаль, і журналісты, і сродкі масавай інфармацыі ва Украіне надта ўцягнутыя ў палітыку,  у партыйныя разборкі, якія потым перакідаюцца ў бізнэсовыя і нават крымінальныя разборкі. І гэта вельмі, вельмі небяспечная тэндэнцыя. Журналісты і мас-медыя ў нас абслугоўваюць тыя ці іншыя палітычныя кланы. А таму давер да журналістаў не надта высокі. Я, акурат, не хачу гаварыць такое пра Паўла Шарамета. Вось нядаўна чытаў ягоную публікацыю, магчыма, адну з апошніх – пра сітуацыю вакол дабраахвотнікаў з “Азова”. Вельмі ўзважана, разумна і спакойна напісана. Але ж, відаць, і тут камусьці не дагадзіў… Такая ў нас цяпер у краіне сітуацыя!

РР: Пакуль высунутыя такія версіі забойства. Па-першае – перадзел украінскага медыйнага рынку. Па-другое – каб скарыстаць ягонае забойства ў знешнепалітычных мэтах. Па-трэцяе – помста за нейкую публікацыю…

Пётр Антоненка: Я нават не хачу гэта абмяркоўваць. Можна высунуць яшчэ хоць дзесяць версій. Тут магло быць усё, што заўгодна. Што заўгодна можа адбывацца ва Украіне, у тым ліку і ў гэтай трагедыі! 

РР: Пётр Парашэнка заклікаў неадкладна расследваць забойства Паўла Шарамета. Але ж, як паказвае досвед папярэдніх расследванняў забойстваў журналістаў, “неадкладна” ніколі не атрымлівалася…

Пётр Антоненка: Згадайма самае вядомае забойства журналіста ва Украіне… За шаснаццаць гадоў не змаглі расследваць!..

РР: …Гангадзэ?

Пётр Антоненка: Так! Ну, непасрэдныя выканаўцы нібыта пакараныя. Але ж тут не выканаўцы галоўныя, а тыя, хто забойства замовіў. А яны пагэтуль не названыя. Не вераць людзі, што гэта будзе расследвана хутка! А ў тым, што расследванне стане справедлівым і аб’ектыўным – і пагатоў не вераць! Мяркую, што гэта разборкі на вельмі высокіх узроўнях. Які ўзровень ахвяры – такі, пэўна, і ўзровень таго, хто яго забойства замовіў…

Па факту смерці Паўла Шарамета распачатая крымінальная справа. Генеральны пракурор Украіны Юрый Луцэнка ўпэўнены, што смерць Шарамета – гэта наўмыснае забойства.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя