Заяўнікі акцыі з нагоды Дня Волі не могуць своечасова атрымаць адказ



Заяўнікі вулічнай акцыі 25 сакавіка з нагоды Дня Волі не могуць своечасова — за пяць дзён — атрымаць адказ менскіх уладаў на сваю заяўку аб правядзенні мерапрыемства, паведаміў БелаПАН адзін з заяўнікаў, адказны сакратар аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Дзяніс Садоўскі.

20 сакавіка ў 17.00 у Мінгарвыканкаме павінна была адбыцца сустрэча з заяўнікамі акцыі, аднак за некалькі гадзін да яе пачатку іх па тэлефоне праінфармавалі аб адмене перамоваў.

Садоўскі, а таксама яшчэ адзін з заяўнікаў — член Партыі БНФ Зміцер Каспяровіч вырашылі наведаць Мінгарвыканкам, каб даведацца асабіста пра лёс заяўкі. „З намі ніхто размаўляць не захацеў. Мы праз унутраны тэлефон звязаліся з адказным за гэтую працу чалавекам у ідэалагічным аддзеле, ён адмовіўся назвацца, сказаў, што даць адказ іншым спосабам, акрамя як па пошце, па незразумелых прычынах не можа. Хоць у мінулыя разы, напрыклад, па акцыі 15 сакавіка адказ выдаваўся ў рукі менавіта ў Мінгарвыканкаме”, — паведаміў палітык.

Актывісты запатрабавалі, каб „хтосьці спусціўся і ўцямна патлумачыў, на якой падставе не выдаюць адказ у адпаведнасці з законам у пяцідзённы тэрмін, аднак спускацца ніхто не стаў”.

Садоўскі і Каспяровіч напісалі скаргу на імя старшыні Мінгарвыканкама Андрэя Шорца. „З такімі паводзінамі я сутыкаюся ўпершыню, хоць шмат разоў быў заяўнікам розных вулічных акцый”, — падкрэсліў палітык.

„Не выключана, што адказу на нашу заяўку яшчэ проста няма, ён не сфармаваны, што ва ўлады ёсць сумненні, які — больш жорсткі ці больш мяккі — сцэнарый выбраць. Іншае тлумачэнне прыдумаць цяжка”, — сказаў ён.

У сувязі з гэтым аргкамітэт па святкаванні Дня Волі перанёс сваё пасяджэнне з 20 на 21 сакавіка. „Паспрабуем да гэтага адказ усё-такі атрымаць. Калі адказу не атрымаем і заўтра, то будзем прымаць рашэнне, не звяртаючы ўвагі на ліст з Мінгарвыканкама, бо ўлады проста адмаўляюцца даваць адказ на нашу заяўку”, — паведаміў Садоўскі.

Заяўка на правядзенне шэсця з нагоды Дня Волі падавалася ў Мінгарвыканкам двойчы, першы раз — 6 студзеня. Улады далі адмоўны адказ. У лісце за подпісам кіраўніка спраў гарвыканкама Ганны Мацельскай гаварылася, што ў гарвыканкам быў пададзены толькі дакумент пад назвай „Абавязацельствы па арганізацыі і правядзенні масавага мерапрыемства (дэманстрацыі)”, у той час як сама заяўка на правядзенне шэсця пададзеная не была.

Акрамя таго, улады горада ўгледзелі ў дзеяннях заяўнікаў парушэнне закона „Аб масавых мерапрыемствах”, які абвяшчае, што „арганізатары масавага мерапрыемства не маюць права аб’яўляць у СМІ, сетцы інтэрнэт або іншых інфармацыйных сетках аб даце, месцы і часе яго правядзення, вырабляць і распаўсюджваць з гэтай мэтай ўлёткі, плакаты і іншыя матэрыялы”. На падставе гэтага, паведаміў Мінгарвыканкам, „станоўча вырашыць разгляданае пытанне” аб дазволе шэсця ў Дзень Волі „не ўяўляецца магчымым”. Заяўнікі акцыі, у сваю чаргу, сцвярджалі, што ў студзені ў Мінгарвыканкам быў перададзены ўвесь пакет неабходных дакументаў.

Другая заяўка на правядзенне Дня Волі была пададзеная ў гарвыканкам 8 лютага. Подпісы пад заяўкай паставілі Садоўскі, Каспяровіч, прадстаўнікі руху „За Свабоду” Аляксандр Русевіч, Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ягор Віняцкі і руху салідарнасці „Разам” Аляксандр Макаў.

У абодвух выпадках заяўнікі прасілі дазволіць правесці акцыю ў наступным фармаце: збор удзельнікаў акцыі на пляцоўцы каля будынка Нацыянальнай акадэміі навук і шэсце па праспекце Незалежнасці да парку Янкі Купалы.

belapan.by