Знішчальнік Су-25 праляцеў нізка над Гародняй у кірунку Гожы



Над Гародняй у бок мяжы з Польшчай, на нізкай вышыні ў 300-400 метраў, праляцеў знішчальнік Су-25. Пра гэта паведаміў рэдактар беларускай службы рэсурсу InformNapalm Дзяніс Івашын.

belarusian_su_25_plane

Знішчальнік Су-25 ВПС Беларусі. Фота з Вікіпедыі. 

На думку эксперта, самалёт выляцеў са 116-ай штурмавой авіяцыйнай базы, якая дыслакуецца пад Лідай. Івашын звязвае гэта з тым, што ў Польшчы ўжо трэці дзень адбываюцца поўнамаштабныя вучэнні краін NATO „Anakonda-16″.”Гэта пэўная правакацыя ўзбройных сілаў Беларусі, каб, я так разумею, напружваць сітуацыю ў вайсковым плане”, – кажа наш суразмоўца, і не выключае, што такім чынам кіраўнік Беларусі спрабуе „рэагаваць” на гэтыя вучэнні:

 Ён хоча паказаць Маскве (вось жа прыляцеў Пуцін), што ён самы надзейны хаўруснік, што Беларусь нібыта стаіць на абароне вайсковых інтарэсаў Расеі, абараняе заходнія межы. І гэта ўсё зразумела. Лукашэнка працягвае палітыку, якую вядзе ўжо больш за два дзесяцігоддзі. І зразумела, што ён хоча выбіць пад гэта нейкія эканамічныя прэферэнцыі, пэўныя крэдыты, танныя энерганосьбіты. Я думаю, што гэта звязана менавіта з гэтым.

РР: Нас павінна непакоіць гэтая сітуацыі, вас яна непакоіць?

Безумоўна, непакоіць. Ідзе вось такое „брацанне зброяй”, адбываюцца пэўныя правакацыі, і цалкам верагодна, што мы набліжаемся да такой актыўнай фазы, як гэта было ў 60-70-х гадах падчас „халоднай вайны”. Невядома, у што гэта выльецца зараз, але дакладна, што адбываецца эскалацыя канфлікту паміж НАТО і Расеяй, а таксама і Беларуссю. Беларусь падпісала шэраг дакументаў  з Расеяй у гэтых пытаннях, прынята сёлета ў лютым вайсковая дактрына. Таксама беларускія ўзброеныя сілы разам з расейскімі уваходзяць у адзіную рэгіянальную групоўку сілаў, створаная адзінае ўпраўленне супрацьпаветранай абароны. То бок Беларусь, можна сказаць, інтэграваная ва ўзброеныя сілы Расеі. 

Паводле Дзяніса Івашына, знішчальнік Су-25, праляцеўшы над Гародняй, накіраваўся ў бок Гожы. Наш суразмоўца прыгадвае і тое, што на наступным тыдні ў Вялікай Бераставіцы блізу беларуска-польскай мяжы пройдуць вайсковыя вучэнні, на час якіх у гарадскім пасёлку ўводзіцца каменданцкая гадзіна, а ўжо зараз арганізуюцца блокпасты.

У межах вучэнняў, якія павінны адбыцца з 13 па 16 чэрвеня, будуць адпрацоўвацца элементы супрацьдзеяння ўзброеным фарміраванням падчас масавых пратэстаў, а таксама спыненне дыверсійных і правакацыйных захадаў.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя