ЗША працягнулі рэжым прыпынення санкцый для 9 беларускіх прадпрыемстваў



Злучаныя Штаты працягнулі рэжым прыпынення санкцый у дачыненні да дзевяці беларускіх прадпрыемстваў на паўгода. Паведамленне пра гэта распаўсюдзіла 28 красавіка Міністэрства фінансаў ЗША.

 

„Міністэрства фінансаў ЗША з улікам кансультацый і ў каардынацыі з Дзяржаўным дэпартаментам ЗША працягвае дазвол на ажыццяўленне здзелак з беларускімі прадпрыемствамі, якія падпадаюць пад санкцыі згодна з указам прэзідэнта ЗША № 13405. Гэты дазвол не вызваляе заблакаваную ўласнасць гэтых прадпрыемстваў”, — гаворыцца ў рэлізе Мінфіна. Рашэнне дзейнічае да 30 кастрычніка 2017 года.

 

Санкцыі ў дачыненні да шэрагу беларускіх прадпрыемстваў былі ўведзеныя на падставе ўказа прэзідэнта Джорджа Буша ад 16 чэрвеня 2006 года ў сувязі з парушэннем правоў чалавека ў Беларусі і з тых пор перыядычна працягваліся. У санкцыйных спіс уваходзяць „Беларускі нафтавы гандлёвы дом”, канцэрн „Белнафтахім”, Belneftekhim USA Inc., ААТ „Белшына”, ААТ „Гродна Азот”, ААТ „Гродна Хімвалакно”, ААТ „Лакафарба”, ААТ „Нафтан” і ААТ „Полацк-Шкловалакно”.

29 кастрычніка 2015 года Мінфін ЗША прыняў рашэнне аб частковым змякчэнні санкцый на паўгода (да 30 красавіка 2016 года), дазволіўшы транзакцыі. Пры гэтым, калі сума здзелкі перавышае 10 тыс. долараў, грамадзяне ЗША абавязаны паведамляць пра гэта ўпраўленню кантролю замежных актываў Дзярждэпартамента. У красавіку 2016 года гэта рашэнне было працягнута яшчэ на паўгода.