10 сама важкіх індывідуальных дасягненняў беларускіх футбалістаў



Беларускае Радыё Рацыя прадстаўляе сваю версію найбольш важкіх індывідуальных дасягненняў беларускіх футбалістаў. Агляд ахоплівае апошнія сорак гадоў, таму ў яго не ўвайшлі асабістыя заваёвы прадстаўнікоў беларускага футболу даўняга часу – такіх, прыкладам, як Эдуард Малафееў і Міхаіл Мустыгін. Вось топ-10 такіх дасягненняў:

1. Сяргей Гоцманаў і Сяргей Алейнікаў. 22 чэрвеня 1988 году ў Нямеччыне ў складзе зборнай СССР, пасля перамогі над дружынай Італіі – 2:0, выйшлі ў фінал чэмпіянату Еўропы. У выніку сталі сярэбранымі прызёрамі Еўра-88.

71

2. Сяргей Гарлуковіч. Адзіны ў гісторыі беларускі футбаліст – алімпійскі чэмпіён (Сеул, 1988). У фінальным матчы алімпійскага турніру стракатая і шматнацыянальная зборная СССР, за якую выступалі беларус Гарлуковіч, літоўцы Яноніс і Нарбекавас, грузін Кеташвілі, прадстаўнікі Расеі, Украіны, Казахстану, перамагла дружыну Бразіліі – 2:1.

Гарлуковіч

3. Аляксандар Пракапенка. Адзіны футбольны прадстаўнік Беларусі – бронзавы прызёр алімпійскіх гульняў у Маскве (1980). Патрапіць у зборную СССР у той час было надзвычай складана – Пракапенку ўдалося гэта.

Пракапенка 3 справа

Пракапенка ў ніжнім шэрагу трэці справа

4. Сяргей Алейнікаў. 16 траўня 1990-га ў складзе турынскага “Ювентусу” першым з беларускіх футбалістаў стаў уладальнікам еўрапейскага кубку – Кубку УЕФА (згуляў у розыгрышы усе 12 матчаў). У тым жа сезоне стаў уладальнікам Кубку Італіі.

Алейнікаў у Ювентусе

5. Віктар Сокал. Стаў лепшым бамбардзірам Кубку еўрапейскіх чэмпіёнаў у розыгрышы 1983/84 гадоў – 6 галоў у 6 матчах (!). Менскае “Дынама” дайшло тады да чвэрцьфіналу, а Сокал забіў 1 мяч чэмпіёну Швайцарыі “Грасхопперсу” і 5 мячоў мацнейшаму клубу Венгрыі “Раба ЭТО”.

sokol_gotsmanov

6. Віталь Радзівонаў. Лепшы бамбардзір беларускага футболу ў еўрапейскіх кубках – усе свае 19 мячоў ён забіў у складзе барысаўскага БАТЭ – 14 у Лізе чэмпіёнаў, яшчэ 5 – у Лізе Еўропы. Запісаць на свой рахунак юбілейны 20-ы гол пакуль ніяк не ўдаецца, а зараз Радзівонаў з-за цяжкай траўмы ўвогуле па-за гульнёй.

https://www.youtube.com/watch?v=0Xpob_uUSnQ

7. Георгій Кандрацьеў. Адзін з бамбардзіраў, што здолелі ўвайсці ў прэстыжны Клуб імя Георгія Фядотава, куды залічаліся футбалісты, якія забілі 100 і больш мячоў у розных турнірах. На рахунку Кандрацьева 124 галы ў гэтым клубе (4 – зборная СССР, 11 – еўракубкі, 93 – чэмпіянат СССР, 13 – Кубак СССР, 3 – замежны клуб). З прадстаўнікоў менскага “Дынама”, а значыць усіх беларускіх клубаў у гэты клуб здолеў патрапіць таксама толькі Эдуард Малафееў.

Кандрацьеў

8. Раман Васілюк. Менск. 5 верасня 2001 году ў адборавым матчы чэмпіянату свету зборная Беларусі абыграла дружыну Польшчы – 4:1. У 60-ым матчы нацыянальнай зборнай Беларусі Васілюк аформіў покер у браму польскага галкіпера Ежы Дудэка.

https://www.youtube.com/watch?v=uu-7SQdqrns

9. Аляксандр Глеб. Першы беларускі футбаліст, які згуляў у фінальным матчы Лігі чэмпіёнаў – у 2006-ым годзе ў складзе лонданскага “Арсеналу”. А ў 2009 годзе Глеб увогуле стаў пераможцам у складзе “Барселоны”, праўда ў гэтым клубе ён знаходзіўся ў глыбокім рэзерве.

Глеб

10. Сяргей Алейнікаў. 18 чэрвеня 1988 году ў складзе зборнай СССР забіў самы хуткі гол у гісторыі фінальных турніраў чэмпіянатаў Еўропы – Англіі – праз 2 хвіліны 6 секунд пасля пачатку сустрэчы. Гэты рэкорд трымаўся ажно 16 гадоў – да чэрвеня 2004 году.

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя