15-17-га траўня адбудзецца чэмпіянат Гарадзенскай вобласці па роварным шматбор’і



Рэспубліканскі турыстычна-спартовы саюз абвесціў аб правядзенні чэмпіянату Гарадзенскай вобласці па роварным шматбор’і. Спаборніцтвы адбудуцца 15-17-га траўня ў раёне вёскі Нямнова побач з Аўгустоўскім каналам. Як зазначае намеснік старшыні Рэспубліканскага турыстычна-спартовага саюза Сяргей Каляда, мерапрыемства праводзіцца не толькі з мэтай папулярызацыі велатурызма як актыўнага віда адпачынку, але і прасоўвання на турыстычным рынку магчымасцяў Аўгустоўскага канала.

– Канал стаў адмысловымі варотамі для актыўнай турыстыкі. То бок інфармацыя ўжо ідзе, і ўжо ёсць заяўкі ад польскіх турыстаў – нават з цэнтральнай Польшчы. Напэўна недзе ў інтэрнэце прачыталі водгукі, абмеркавалі на форумах, і вось ужо просяць паведаміць кошты.

У праграме спаборніцтваў удзельнікаў чакаюць старты на кароткія і доўгія адлегласці ў асабістым і камандным заліках. Акрамя спартовай часткі праграма прадугледжвае забаўляльныя і культурныя мерапрыемствы, якія будуць складацца з канцэрта і атракцыёнаў для дзяцей і дарослых.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота grodno.in