Аляксандр Гагіеў: Не ўсе апраўдалі тыя чаканні…



Першы намеснік міністра спорта і турызма Аляксандр Гагіеў падвёў вынік выступлення  беларускіх алімпійцаў на Алімпіядзе ў Бразіліі.

Пра медалістаў

– Герой Алімпіяды – гэта, безумоўна, батуціст Уладзіслаў Ганчароў. У нас наогул раней не было алімпійскіх медалёў у гэтым відзе спорту. І Уладзіслаў зараз так падняў планку, што батут выйшаў на першае месца.

Іван Ціхан заваяваў на Алімпіядзе сярэбраны медаль, хаця мы, шчыра кажучы, разлічвалі на золата. Хацелася, каб Іван пасля васьмігадовага перапынку ў спорце даказаў усім, на што здольны. Але і сярэбраны вынік – прыстойны, улічваючы праз што гэтаму чалавеку давялося прайсці. Ваня аказаўся вышэй за ўсіх і ўсім даказаў, што ён – вялікі спартсмен.

Цяжкаатлет Вадзім Стральцов, у якога таксама алімпійскае серабро, марыў пра золата. І мы марылі, бо Вадзім быў лідарам сезона. Але з’явіўся іранец, якога ніхто не бачыў тры гады пасля дыскваліфікацыі за допінг і адабраў ва ўсіх залатую мару. Акрамя таго, былі праблемы ў нашага спартсмена і з акліматызацыяй.

Парадавала Марыя Мамашук, якая ў спаборніцтвах па вольнай барацьбе таксама заваявала сярэбраны медаль…

Увогуле, малайцы ўсе, хто парадаваў заўзятараў медалямі і нават тыя, хто проста змагаўся да апошняга, але спыніўся ў кроку ад п’едэстала. І хіба хто кіне камень у бок жаночай зборнай па баскетболе? Патрапіць на Гульні – гэта ўжо поспех.

Пра разачараванні

– Не ўсе апраўдалі тыя чаканні, што на іх ускладаліся. У плаванні многае не атрымалася, спартсмены не паказалі нават тыя вынікі, што паказвалі падчас сезона. Будзем разбірацца з камандай, чаму так атрымалася. У лёгкай атлетыцы ў шэрагу дысцыплін выступілі таксама не лепшым чынам. У гімнастыцы – нуль медалёў. Дарэчы, шмат крытыкі было ў бок амерыканскай гімнасткі, якая выступала на Гульнях за зборную Беларусі, але хачу, каб ведалі, што яна прыехала на Алімпіяду з трэснутай стапой. І сама пра гэта не ведала, нашы медыкі высвятлілі ўжо ў Бразіліі. Але спартсменка сама прыняла рашэнне выступаць.

У бліжэйшыя дні сумесна з НАК падзвядзем вынікі і прааналізуем, што не атрымалася і што трэба рабіць у будучым, каб праз чатыры гады выступіць у Токіа лепш.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя