Аляксандр Шымкавяк і “Зялёная хваля Еўрабаскета”



Падвядзем вынікі чэмпіянату Еўропы для беларускай зборнай, асабліва засяродзіўшы ўвагу на двух апошніх паядынках – з будучым сенсацыйным чэмпіёнам Сербіяй і ў гульні за бронзу з іспанкамі.

Аляксандр Шымкавяк, трэнер гарадзенскай жаночай каманды “Алімпія” – шматразовага чэмпіёна Беларусі па баскетболе:

Для нас гэта вельмі вялікае дасягненне. Беларуская зборная паказала, што знаходзіцца ў эліце лепшых камандаў, у стане змагацца на роўных з усімі. Мы прайгралі будучаму чэмпіёну Сербіі толькі 2 ачкі. Канешне, хацелася і больш, чым чацвёртае месца, але трэба сказаць «вялікі дзякуй» і трэнерам, і дзяўчатам за іх мужнасць і цярпенне, яны змагаліся ва ўсіх гульнях, хаця на матч з Іспаніяй сіл ужо не засталося. Так, спачатку нам удавалася весці ў ліку, але адчувалася, што гэта ненадоўга. Калі б іспанкі яшчэ і бронзу ўпусцілі, то ім бы і дадому нельга было б вяртацца. Таму хочацца толькі павіншаваць нашу зборную з чарговым вялікім поспехам. З такой гульнёй у нас не павінна быць вялікіх праблем з трапленнем на Алімпіяду ў Бразіліі.

РР: Хто роўна згуляў на турніры, хто праявіў сябе толькі эпізадычна, хто стаў адкрыццём, а хто – расчараваннем у шэрагах беларускай каманды?

Канешне, стрыжань нашай зборнай – Лена Леўчанка. Гэта вельмі мужны чалавек, які ва ўсіх экстрэмальных сітуацыях змагаецца да канца. Як у кожнага чалавека, не ўсё атрымліваецца – стабільна высокі ўзровень падчас усяго чэмпіянату трымаць немагчыма. Але ў цэлым Леўчанка – гэта тая, з каго пачынаецца наша зборная.

Што тычыцца Верамеенкі…Гавораць, што Наста яшчэ не дасягнула сваёй лепшай формы пасля нараджэння дзіцяці, і, напэўна, слушна. Але яна рабіла ўсё, што можа на сённяшні дзень, і далей можа толькі дадаваць.

Каця Сныціна – гэта наш “джокер”. Яна вельмі часта бярэ гульню на сябе, бывае апраўдана, бывае – не, але такія гульцы абавязкова павінны прысутнічаць у камандзе. Сныціна паказала добры самааданы баскетбол.

У Таццяны Ліхатаровіч (выхаванка Аляксандра Шымкавяка – аўт.) пасля гэтага чэмпіянату Еўропы, думаю, застанецца лёгкае пачуццё саманезадавальнення. У яе вельмі высокі патэнцыял, яна рыцар і баец. На жаль, траўма не дала ёй згуляць з Іспаніяй, інакш суперніку было б абыграць Беларусь значна цяжэй. Усё, што можа Ліхтаровіч, яна не паказала, магла згуляць лепш, але заўсёды пакідае на пляцоўцы ўсе сілы.

Троіна, Трафімава – вопытныя гульцы, валодаюць лідарскімі якасцямі, добра ўплываюць на настрой у камандзе, іх нездарма ўзяў з сабой Анатоль Буяльскі замест больш маладых баскетбалістак. Яны згулялі турнір роўна і надзейна. Зюзькова (таксама прадстаўнік гарадзенскай школы баскетбола – аўт.) апошнія сезоны вельмі ўпэўнена праводзіла ў “Цмоках”, была ў іх складзе самай моцнай абаронцай і невыпадкова трапіла ў склад зборнай. Шкада, што яе не разгледзелі раней, а толькі ў 32 гады. Яе заўсёды адрознівала надзейнасць, і гэта яна паказала на Еўрабаскеце, ёй толькі трэба больш давяраць. Пакуль жа ў трэнерскага штаба большым крэдытам даверу карыстаецца наша “амерыканка”.

РР: Дарэчы, ацаніце дэбют Ліндсэй Хардзінг у складзе беларускай зборнай.

Была, канешне, доля рызыкі, і Буяльскі на гэта пайшоў, бо Хардзінг – гулец вельмі высокага ўзроўню. Разам з ёй нашу зборную вельмі цяжка было спыніць прэсінгам. Думаю, што ў нас было б больш праблем нават з пераходам цэнтра поля, калі б “амерыканкі” не было. Вельмі высокая тэхніка Хардзінг вымушала суперніка  карыстацца адразу двума гульцамі, каб адабраць у яе мяч. Праўда, за выключэннем матчу з Сербіяй, беларускі пад вельмі жорсткі прэсінг і не траплялі. Гульня Хардзінг у нападзе, думаю, задавальняе трэнерскі штаб, а вось у абароне – істотны мінус. Але ў яе не было часу, каб сыграцца з камандай, але і так яна ўзмацніла зборную. Ці зможа яна ўзмацніць каманду яшчэ больш – гэта ўжо пытанне.

РР: Як ацэньваеце трэнерскую працу Буяльскага: ці ён зрабіў усё, што мог?

Бязгрэшных людзей не бывае, ёсць памылкі. У некаторых момантах быў патрэбны тайм-аўт, трэба было больш жорстка патрабаваць ад каманды. Буяльскі вядзе гульні вельмі спакойна і годна, але ў жаночым калектыве часам патрэбны “выбух” – гэта, канешне, маё індывідуальнае меркаванне. У Анатоля Сяргеевіча, на мой погляд, канешне, больш дэмакратыі, чым аўтакратыі. Але ў цэлым Буяльскі – трэнер менавіта гэтай каманды, ён добрае ведае дзяўчат. І ўменне настройваць на перамогу ў яго ёсць.

РР: Чаго не хапае сёння беларускай зборнай, каб пазмагацца за медалі? Больш моцных зменшчыкаў, іншага трэнера, вопыту?..

Якраз вопыту Буяльскаму не займаць. Можа быць, трэнерскі штаб абнавіць, бо там трэнеры без права голасу. Падчас тайм-аўтаў заўважыў, што працуе з камандай толькі Буяльскі, а часам патрэбнае калегіальнае рашэнне, да якога прыслухаўся б і ён. Адна галава добра, а некалькі – яшчэ лепш…

Дарэчы, у нас была самая малая дэлегацыя на турніры. У іспанак, сербак па 5 трэнераў, не ўлічваючы масажыстаў, тэрапеўтаў ды іншых… А так кідаецца ў вочы слабая гульня ў абароне, якую многія лічылі нашым козырам. Прасцейшы праход пад кальцо – ён проста не трымаецца. Не ведаю, чаму беларускі так лёгка прапускалі супернікаў у трохсекундную зону. Там патрэбна страхоўка, а нагружаць яшчэ больш Леўчанку і Верамеенку, у якіх і так хапае працы, я бы не стаў. Таму трэба яшчэ папрацаваць над індывідуальнай абаронай, бо абарона – гэта сумленне гульца. У нападзе ж снайпераў хапае, нават у цэнтравой Верамеенкі добры кідок здалёк. Калі не паставіць руку Троінай – гэта таксама звычайна тры ачкі.

“Дугу” магла б яшчэ ўзмацніць Ануфрыенка. Атака патрабуе толькі сістэматызацыі тых варыянтаў, якія ёсць у зборнай. Калі ўдасца ўзмацніць абарону – будзем уяўляць яшчэ больш грозную сілу.

РР: Чым запомніцца для вас гэты чэмпіянат Еўропы, якія гульні з удзелам ці без беларускіх баскетбалістак?

– Гэты Еўрабаскет на мой досвед самы парадаксальны. Вельмі моцна хваляваўся за каманду, перад турнірам доўга размаўляў з той жа Ліхтаровіч. Настрой адчуваўся баявы. І калі прыехалі дамагліся першых перамог, асабліва ў матчы з Італіяй, якую выцягнулі ў авертайме, нам пашанцавала. І тут тры паразы запар – рукі ў каго хочаш апусцяцца. Падумаў, дзяўчаты завагаліся, нешта зламалася. Я б гэты чэмпіянат назваў “Зялёная хваля”. Менавіта ў яе трапілі нашы баскетбалісткі, якія нават пры трох паразах выйшлі на самага слабога суперніка з мажлівых – зборную Літву. Гэта было немагчыма пралічыць. Здавалася, што трэба было выйграць, а не прайграць тры гульні. Сербія палічыла, што ім не трэба перамагаць Літву, і сербкі такім чынам сышлі ад гульняў з Францыяй, Іспаніяй і Расеяй.

Ну, а з Літвой таксама была няпростая гульня – выйгралі толькі з розніцай у два ачкі. Матч з Сербіяй стаіць асабняком – шанцы былі роўныя, але затрымаць сясцёр Даўбавіч у беларускай зборнай не атрымалася. Калі б згулялі ў абароне больш уважліва, то гэтыя два ачкі, думаю, недзе б знайшліся. Але ў цэлым вынік турніру заканамерны, і за гэтае чавёртае месца трэба толькі падзякаваць усёй нашай зборнай.

Гутарыў Яўген Івін, Беларускае Радыё Рацыя