Англія ўсё ж будзе ў фінале Еўра



Нямецкі трэнер Яўхім Лёў так пракаментаваў паразу сваёй дружыны ў паўфінале ад Францыі: “Калі мы саступалі ў плэй-оф на чэмпіянаце свету 2010-га і чэмпіянаце Еўропы 2012-га – мы прайгравалі камандам, якія былі мацней нас. Але на гэты раз было не так. Мы гулялі мацней французаў. У нас былі шанцы, але на жаль, мы не забілі. Нам забракла ўдачы. Калі б мы забілі – то дамінавалі б. Але калі ты прапускаеш перад самым перапынкам, то атрымліваеш шок. Мы страцілі з-за траўмаў Хедзіру і Гомеса, Хумельса дыскваліфікавалі – замяніць гэтых гульцоў вельмі складана. А пасля траўмы Баатэнга мы зусім аслабелі. Францыя – выдатная каманда, нават нягледзячы на тое, што мы былі лепшымі. Калі ты выйграеш з лікам 2-0, значыць заслугоўваеш фіналу. Мяркую, Францыя выйграе Еўра, таму што дагэтуль гульня Партугаліі не ўразіла” – прыводзіць словы Лёва BBC.

Перад вырашальнай бітвай статыстыкі падкрэсліваюць, што ў апошніх 10 сустрэчах паміж Францыяй і Партугаліяй верх нязменна бралі трохкаляровыя, пірэнейцы нават ні разу не змаглі вырваць нічыі. Але як мы бачылі на гэтым першынстве такія падобныя серыі абрываліся неаднаразова. Нішто ня вечна на газоне пад месяцам.

Фінал яшчэ наперадзе, а  ўжо падлічана колькі зарабіў УЕФА на турніры. Агульная сума даходу ад кантынентальнага чэмпіянату склала амаль два мільярды еўра. Але гэта не прыбытак. Выдаткі склалі лічбу 1,21 мільярда, даход – 1, 93 мільярда, такім чынам чысты прыбытак сягнуў 830 мільёнаў еўра. Гэтыя лічбы прагучалі з вуснаў афіцыйнага прадстаўніка – галавы дэпартаменту па камунікацыях УЕФА Педра Пінту.

Бацька харызматычнага партугальскага абаронца Пепе заявіў, што яго сын, які прапусціў паўфінальны матч супраць Уэльса з-за траўмы, напэўна згуляе ў фінале. Пра гэта паведамляе газета Marca. Пепе прапусціў трэніроўку партугальскай зборнай у пятніцу, але павінен паспець аднавіцца да вырашальнага паядынку за золата. Так заявіў бацька абаронца Анаэль Ферэйра.

Стала ведама, што ўпершыню з 1964 году галоўным арбітрам фіналу будзе прадстаўнік Англіі Марк Клатэнбург. Памагаць яму будуць суайчыннікі Сайман Бэк і Джэйк Колін. Чацвёрты арбітр – Віктар Кашаі ў Вугоршчыны. Клатэнбург на гэтым Еўра працаваў галоўным арбітрам на матчах групавога этапу паміж дружынамі Бельгіі і Італіі, Чэхіі і Харватыі, а таксама на сустрэчы 1/8-й фіналу Швайцарыя-Польшча. Прыгадаем таксама, што менавіта ён абслугоўваў фінал Лігі чэмпіёнаў і сёлетні фінал Кубку Англіі. У службовым спісе Клатэнбурга – фінал мужчынскага алімпійскага турніру 2012 году і матч за Суперкубак Еўропы 2014 году. Бягучы ж сезон для гэтага рэферы – сапраўды пік прафесійнай кар’еры.

Зборную Уэльса пры вяртанні з Еўра сустрэлі ажно 200 тысяч чалавек. 2/3 горада Кардыф выйшлі на вуліцы, каб сустрэць сваіх куміраў. У Кардыфе прайшлі мерапрыемствы, прысвечаныя вяртанню зборнай, якая ўпершыню ў гісторыі стала бронзавым прызёрам чэмпіянату Еўропы. Сустракаць аўтобус каманды на вуліцах зберлася бальшыня жыхароў, усяго насельніцтва гораду складае 340 тысяч. Дружына падзякавала заўзятарам на стадыёне, здзейсніўшы пачэсны круг. Гульцы былі ў захапленні ад такога прыёму, пра што пішуць у сацыяльных сетках.

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя