Арына Сабаленка атрымала прэстыжную прэмію Heart Award 2017



Міжнародная тэнісная федэрацыя назвала першых чатырох уладальнікаў прэстыжнай прэміі Fed Cup Heart Award 2017. Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка атрымала ўзнагароду за бліскучае выступленне ў матчы першага круга Сусветнай групы супраць зборнай Нідэрландаў, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе Беларускай федэрацыі тэніса.

Чатырох пераможцаў вызначылі адкрытым галасаваннем на афіцыйным сайце Кубка Федэрацыі. Самым дастойным з ігракоў, якія ўдзельнічаюць у матчах першага круга сярод зборных Сусветнай групы і Сусветнай групы II Кубка Федэрацыі 2017 года, прызнана Арына Сабаленка.

„Рада прэміі! – падзялілася Арына. – Хачу выказаць удзячнасць балельшчыам, якія галасавалі за мяне. Менавіта дзякуючы паклоннікам нашага віду спорту ў мяне ёсць магчымасць дапамагчы таму, хто ў гэтым мае патрэбу”.

Уручэнне прэміі адбудзецца ў час паўфіналу Кубка Федэрацыі і плэй-оф першай і другой Сусветнай груп 22-23 красавіка. Пераможцы атрымаюць чэк, які яны змогуць перадаць выбранаму дабрачыннаму фонду.

Такая ўзнагарода ў 2016 годзе ўручана беларусцы Аляксандры Сасновіч, а ў 2011-м – Вікторыі Азаранка. Акрамя беларускі Арыны Сабаленка прэмію ў 2017 годзе атрымалі Галіна Васкабоева з Казахстана, Хізэр Уотсан з Вялікабрытаніі і канадка Бланка Андрэеску.

Узнагарода Heart Award уручаецца Міжнароднай федэрацыяй тэніса ігракам, якія гуляюць сэрцам, дэманструючы на корце мужнасць і адданасць нацыянальнай камандзе сваёй краіны.

belta.by