Азаранка-Кербер: упрыгожанне USA Open



Беларуска Вікторыя Азаранка ў трэцім крузе адкрытага чэмпіянату ЗША у напружаным матчы адолела немку Анжэлік Кербер7:5, 2:6, 6:4. Пры тым абедзве прадэманстравалі тэніс вельмі высокага класу. У першым сеце Кербер (11-ы нумар пасеву на турніры) была ў кроку ад лакальнага поспеху. Яна была наперадзе 5:2, аднак Азаранка здолела адыграцца ў такой складанай сітуацыі – узяць запар ажно пяць геймаў. Але кожны розыгрыш праходзіў у напрузе. Абедзве тэнісісткі дэманстравалі выдатныя ўдары па задніх і бакавых лінях. Азаранка ўдала камбінавала, але няўпэўнена рэалізоўвала верхавыя мячы і такім чынам часта губляла брэк-пойнты. Кербер выцягвала неверагодныя сітуацыі, удала ўкарочвала, абводзіла суперніцу. Аднак, Анжэлік няўдала дзеіла пры падачы, следствам чаго сталі некалькі двайных памылак. Бадай гэты фактар і вырашыў зыход першай партыі. У другім сеце градус змагання не паніжаўся. Зноў было 5:2 на карысць немкі польскага паходжання і зноў Азаранка чаплялася за кожны розыгрыш. Аднак, усё ж верх у гэтай партыі ўзяла Кербер. І ўсё ж немка стала стамляцца і дапускаць у заключным сеце больш памылак. Азаранка надзвычай прафесійна скарысталася такой сітуацыяй. Праўда, дазволіла суперніцы адыграць ажно шэсць матч-болаў. І ўсё ж далей ідзе беларуска! Лік у асабістых сустрэчах Азаранка-Кербер стаў 5-0.

Цяпер у 1/8-й фіналу Вікторыя Азаранка сустрэнецца з прадстаўніцай ЗША Варварай Лепчанкай (46-ы нумар турніру). Гэтая суперніца на папярэдняй стадыі абыграла немку Мону Бартэль, ранейшую крыўдзіцельку беларускі Вольгі Гаварцовай. Лепчанка не падаецца настолькі моцнай суперніцай як Анжэлік Кербер, але на стадыі 4-га кругу ўжо можна чакаць усяго. Пераможца пары Азаранка-Лепчанка далей у чвэрцьфінале трапіць на мацнейшую ў спаборы румынкі Сімоны Халеп (2-і нумар пасеву) і немкі Сабіны Лісіцкі (24-ы).

Беларускае Радыё Рацыя