Баскетбалісткі „Цмокаў-Мiнск” – чэмпіёнкі Беларусі



Баскетбалісткі „Цмокаў-Мiнск” другі раз запар сталі чэмпіёнкамі Беларусі, перамогшы ў фінальнай серыі „Гарызонт”. Пасля чатырох напружаных сустрэч „залатой” серыі суперніцы абмяняліся перамогамі – 2:2, а ў вырашальным паядынку за чэмпіёнскі тытул падначаленыя Андрэя Ваўлева перайгралі каманду Анатоля Буяльскага з лікам 52:46.

Год таму гэтым жа суперніцам спатрэбілася правесці 4 сустрэчы, каб выявіць наймацнейшую каманду. Тады поспеху ў вырашальнай серыі таксама дамагліся „Цмокi-Мiнск” (3:1), якія ўпершыню сталі ўладальніцамі залатых медалёў беларускага першынства. У мінулы ўік-энд уладальніцамі бронзавых медалёў чэмпіянату Беларусі сталі баскетбалісткі гарадзенскай „Алімпіі”, якім у серыі сустрэч за 3-е месца нацыянальнага першынства супраць берасцейскай „Вікторыі” хапіла ўсяго тры гульні. Падначаленыя Аляксандра Шымкавяка святкавалі 3 перамогі запар – 61:41, 71:52  і 64:61. У мінулыя гады „Алімпія” 8 разоў станавілася ўладальнікам узнагарод вышэйшай пробы.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота rsport.ru