БАТЭ разгромна прайграў „Баеру”



З паразы ад леверкузенскага „Баера” на чужым полі пачаў групавы турнір футбольнай Лігі чэмпіёнаў мацнейшы клуб Беларусі.

Нямецкі клуб меў цягам сустрэчы вялізную перавагу, а БАТЭ папросту праваліў матч. Леверкузенцы накрывалі гасцей „высокім” прэсінгам, а ў барысаўцаў цалком была правалена сярэдзіна поля. Непадрыхтаваным да такіх хуткасцяў аказаўся сама дасведчаны гулец БАТЭ – Аляксандр Глеб. Дзве яго абрэзкі ледзь не прыводзілі да галоў, але шчасце ў тых момантах было на баку БАТЭ. Урэшце Глеб траўмаваўся і пакінуў поле.

А лік быў адкрыты ў самым дэбюце – „Баер” пасля на дзіва няўдалых дзеянняў Алексіевіча ў сваёй штрафной скарыстаўся падарункам – Мехмедзі не пашкадаваў супернікаў. Ішла толькі 4-я хвіліна. Праўда, досыць хутка БАТЭ адыграўся. Пасля падавання кутняга Стасевічам высокі Мілунавіч галавой з дапамогай рыкашэту даслаў мяч у сетку.

У другім тайме БАТЭ зноў хутка „пасыпаўся” і прапусціў пасля недарэчнага адскоку. Неўзабаве выдатны момант сапсаваў у гаспадароў Хаўер Эрнандэс. Але на 58-й хвіліне ён поўнасцю рэабілітаваўся, даслаўшы трэці мяч у сетку брамніка Чэрніка. Гульня была зроблена. На 75-й хвіліне за гульню рукой Младэнавіча быў прызначаны пенальці і турак Чалханаглу яго рэалізаваў – 4:1.

У гэтай жа групе італійская „Рома” і „Барселона” згулялі ўнічыю – 1:1.

Беларускае Радыё Рацыя