БАТЭ зноў дорыць свята!



Барысаўскі БАТЭ пры поўных трыбунах свайго роднага стадыёна прымусіў пахвалявацца сваіх заўзятараў, але ўсё ж перамог вугорскі „Відэатон” і выйшаў у 4-ы кваліфікацыйны раўнд футбольнай Лігі чэмпіёнаў.

У першым тайме барысаўцы дамінавалі і стварылі дзве па-сапраўднаму вострыя пагрозы. Аднак Аляксандар Карніцкі не скарыстаўся тонкім пасам Міхаіла Гардзяйчука, а выдатны стрэл галавой Віталя Радзівонава змог парыраваць галкіпер гасцей Данілавіч.

У другой палове „Відэатон”, гнаны агульнай сітуацыяй, стаў атакаваць больш адважна, што стварала вольныя зоны для гульцоў атакі БАТЭ. У адным з эпізодаў Гардзяйчук галавой перакідваў мяч праз брамніка, але не трапіў у браму. А на 60-й хвіліне мадзьярская каманда засталася ў меншасці – з-за дзвюх жоўтых картак быў выдалены галяндзец Лейкс.

На 67-й хвіліне жоўта-сінія разыгралі простую камбінацыю і Максім Жаўнерчык трапіў у штангу. Потым БАТЭ растранжырыў яшчэ некалькі добрых мажлівасцяў. Гэта было ўжо сапраўднае нешанцаванне. Але нарэшце на 82-й хвіліне чарнагорац Неманья Нікаліч пасля навесу ў цэнтр штрафной Жаўнерчыка галавой дакладна даслаў мяч у сетку „Відэатона” – 1:0.

Такім чынам БАТЭ як мінімум забяспечыў сабе месца ў групавым турніры Лігі Еўропы і будзе змагацца за месца ў эліце Лігі чэмпіёнаў.

Беларускае Радыё Рацыя