БАТЭ зрабіў падарунак 6-гадоваму фанату



Кранальная гісторыя адбылася пасля паразы БАТЭ ад жодзінскага “Тарпеда — БелАЗ” у фінале Кубка Беларусі. Матч праходзіў 21 траўня ў Берасці. Пасля серыі пенальці, дзе барысаўчане саступілі з лікам 2:3, у аб’ектыў камеры аднаго з аператараў трапіў хлопчык, заплаканы заўзятар БАТЭ.

Фанат БАТЭ

Відэа пабачылі супрацоўнікі клуба, пасля чаго размясцілі ў сваіх афіцыйных акаунтах у сацыяльных сетках наступнае паведамленне:

Сябры, шукаем гэтага хлапчука, які так цяжка перажываў паражэнне нашай каманды ў фінале Кубка. Калі хтосьці ведае як можна звязацца з ім/яго бацькамі — паведаміце”.

Хлопчыка знайшлі праз некалькі гадзін. Ім аказаўся жыхар Берасця, шасцігадовы Матвей. БАТЭ зняў для яго адмысловае відэа. У роліку футбаліст БАТЭ Аляксандр Валадзько гаворыць, што каманду вельмі ўразілі эмоцыі хлопчыка. Таму футбалісты вырашылі зрабіць для яго адмысловую майку з імем Матвей на спіне і нумарам 12. Акрамя гэтага, супрацоўнікі клуба запрасілі Матвея на хатні матч БАТЭ супраць “Граніта”, які пройдзе на “Барысаў — Арэне” 5 чэрвеня.

https://www.youtube.com/watch?v=XwHNvHnbdwU

„Еўрарадыё”