Беларус перамог у „Крэсавым марафоне”



Беларус Мікалай Хівук перамог у першых у гэтым сезоне гонках у цыкле “Крэсавых марафонаў”. Раварыст з Берасця з часам 1 гадзіна 5 хвілін выйграў 30-кіламетровую гонку па Белавежскай пушчы. На першым этапе ў Нараўцы выступіла каля 300 раварыстаў з Польшчы, Беларусі і Літвы. Паводле пераможцы “трыццаці кіламетраў” Мікалая Хівука, “Крэсавыя марафоны” – гэта прапанова для цэлых сямей.

– Вось і сын у мяне выступаў сёння. Не ведаю, праўда, які мае вынік. Спачатку я з ім ехаў, быў яго пілотам, а пасля і сам паехаў. Гэта наша першая гонка. У Беларусі яшчэ не было стартаў, таму для нас гэта адкрыццё сезону. Вельмі цікавая траса, у мінулым годзе яна была трошкі горшая. Вельмі спадабаўся сёлета ўчастак з балотам, з выхадам у поле. Цудоўна!

У Нараўцы ў час “Крэсавага марафону” выступілі таксама раварысты з Менска, Гародні і Слоніма.

Сёлетні «Крэсавы марафон» складаецца з 15-ці этапаў. Велагонкі пройдуць, між іншым, у Саколцы, Міхалове, Ольштыне і Хэлме. 16 ліпеня найлепшыя раварысты прыедуць у беларускі Сапоцкін.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара