Беларуска стала бронзавым прызёрам чэмпіянату Еўропы па каратэ



Марыя Кулінковіч стала бронзавым прызёрам чэмпіянату Еўропы па каратэ ў вагавой катэгорыі да 50 кг, паведаміў генеральны сакратар беларускай федэрацыі каратэ Дзмітрый Бурынскі.

На старце турніру ў індывідуальным кумітэ ў французскім Монпелье Марыя Кулінковіч дамаглася перамогі над Таняй Матос з Партугаліі, але ўжо ў наступным раўндзе саступіла аднаму з фаварытаў чэмпіянату Серап Азчэлік з Турцыі. Свой шанец пазмагацца за ўзнагароду беларуска атрымала пасля таго, як Азчэлік дайшла да фіналу, дзе саступіла францужанцы Аляксандры Рек. У суцяшальным турніры Марыя Кулінковіч адолела Аляксандру Поп з Румыніі і Беціну Планк з Аўстрыі, якая займае ў сусветным рэйтынгу 3-е месца.

Дзякуючы бронзавай узнагародзе кантынентальнага форуму Кулінковіч змагла ўвайсці ў дзесятку лепшых атлетаў ў рэйтынгу да 50 кг і займае ў спісе 9-е месца.