Беларускія дзяўчаты – „бронзавыя” на Еўра па індорхакеі



У Менску жаночая зборная Беларусі па індорхакеі стала бронзавым прызёрам па выніках чэмпіянату кантыненту. У паядынку за 3-е месца беларускі ў драматычным змаганні вырвалі вікторыю ў каманды Нямеччыны – 6:5. Трэба сказаць, што беларускія хакеісткі саступалі цягам сустрэчы, але выявілі свае лепшыя якасці і перамаглі. Прычым ужо другі раз выйгралі ў Германіі на гэтым турніры. Як і пры першай сустрэчы хакейных зборных Беларусі і Нямеччыны на папярэдняй стадыі заўзятары ўбачылі шмат галоў. Ужо на старце гульні капітан гаспадароў турніру Рыта Батура на 3-й хвіліне змагла рэалізаваць дакладны кідок пасля розыгрышу штрафнога-кутняга. Перавага беларусак павялічыла Хрысціна Папкова – 2:0. Грозныя немкі, якія неаднаразова станавіліся прызёрамі і чэмпіёнамі Еўропы, зраўнялі лік пад заслону першага тайма – 2:2. У ходзе другіх дваццаці хвілін гульні зборная Нямеччыны нават выйшла наперад – 4:3, аднак Рыта Батура рэалізавала пенальці, Настасся Сыраежка і Хрысціна Папкова, якія вызначыліся з гульні, не дазволілі суперніцам перахапіць ініцыятыву. Канчатковы лік 6:5 на карысць зборнай Беларусі.

Напомнім, што беларуская зборная не пацярпела на першынстве Еўропы аніводнай паразы, а ў паўфінале саступіла Польшчы толькі па пенальці. Чэмпіёнскі тытул упэўнена заваявала і захавала сама моцная і „непераможная” дружына Нідэрляндаў, якая выйграла ў фінале ў Польшчы – 6:2.

Па выніках кантынентальнага форуму шэсць зборных атрымалі права на ўдзел у чэмпіянаце свету 2018 года, які пройдзе ў аргентынскім Расарыё. Беларуска Хрысціна Папкова прызнана найлепшым гульцом чэмпіянату Еўропы па індархакеі, які завяршыўся ў менскім Палацы спорту.

Беларускае Радыё Рацыя

фота сайту http://sportpanorama.by