Беларускія весляры ў Францыі папаліся на „цяжкім допінгу”?



Спартоўцы зборнай Беларусі па веславанні на байдарках і каноэ маглі ўжываць забароненае рэчыва мельдоний, а таксама іншы «больш цяжкі» допінг. Пра гэта паведамляе французская газета Le Monde са спасылкай на крыніцу, блізкую да расследавання, перадае ТАСС.

12 красавіка падчас збору ў Францыі ў каманды Беларусі па веславанні на байдарках і каноэ правялі вобыск. Ператрус быў ініцыяваны антыдопінгавым агенцтвам Францыі і дазволены пракурорам горада Ажэн з прыцягненнем паліцэйскіх сіл. Пазней, галоўны трэнер зборнай Уладзімір Шантаровіч адзначыў, што ператрус весляроў ў Францыі з мэтай пошуку мельдония з’яўляўся правакацыяй, накіраванай на адхіленне зборнай ад удзелу ў Алімпійскіх гульнях у Рыа-дэ-Жанейра.

17 допінг-пробаў беларускіх весляроў паказалі станоўчы вынік на забароненае рэчыва мельдоний, канцэнтрацыя якога ў крыві спартоўцаў не ўдакладняецца. Акрамя таго, адзначаецца, што падчас ператрусу былі знойдзеныя сляды «цяжэйшага допінгу, чым мельдоний» і «стымулюючыя прадукты».

У цяперашні час справа перададзеная ў Вышэйшы суд горада Ажэн.

Аднак Міністэрства спорту Беларусі абвяргае інфармацыю газеты Le Monde пра допінг беларускіх весляроў. Паведамленне французскага выдання не адпавядае сапраўднасці і ўводзіць чытачоў у зман, сцвярджае прэс-служба Мінспорту. Беларуская асацыяцыя каноэ рыхтуе заяву з гэтай нагоды, якая будзе апублікаваная ў пятніцу.