Беларусы з буйным лікам прайгралі венграм на ЧС



Зборная Беларусі па хакеі пацярпела адно з самых гучных паражэнняў у сваёй гісторыі. Падапечныя Дэйва Льюіса саступілі на чэмпіянаце свету Венгрыі з лікам 2:5.

Ужо да 11-й хвіліне венгерскія хакеісты лідыравалі з лікам 2:0. Спачатку Георге Надзь дакладна кінуў з блізкай адлегласьці ў левы ад Лаланда кут, а праз пяць хвілін Джэф Плат пераправіў шайбу ў свае вароты пасля стрэла Янаша Ваша.

Практычна адразу ж Плат выправіў сваю памылку, адыграўшы адзін гол, а ў сярэдзіне другога перыяду Артур Гаўрусеў зраўняў лік.

Тым не менш, венгры хутка вярнулі перавагу ў дзве шайбы. Спачатку вызначыўся Балаш Шэбак, а затым шайбу закінуў 19-гадовы Вілмаш Гала. Пасля гэтага Кевіна Лаланда змяніў Віталь Коваль.

У канцы матчу беларусы знялі брамніка, і за 4 секунды да сірэны Янаш Ваш закінуў пятую шайбу ў нашы вароты кідком са сваёй паловы пляцоўкі.