Андрэй Жукаў прыгавораны да 5 гадоў пазбаўлення волі



Былы дырэктар дэпартамента судзейства і інспектавання асацыяцыі „Беларуская федэрацыя футбола” (БФФ), старшыня камісіі прызначэнняў федэрацыі Андрэй Жукаў прыгавораны да пяці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці і забаронай займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых абавязкаў, на пяць гадоў. На яго таксама накладзены штраф у 500 базавых велічынь. Прысуд абвешчаны 5 студзеня ў судзе Цэнтральнага раёна Менска. Такім чынам, суд пагадзіўся з пазіцыяй дзяржабвінавачання.

zhukau

Спартыўнаму функцыянеру выстаўленае абвінавачанне па шасці эпізодах атрымання хабару (чч. 1 і 2 арт. 430 КК) ад арбітраў і трэнера аднаго з клубаў у сезонах 2014/2015 і 2015/2016 гадоў за прызначэнне на канкрэтныя матчы вышэйшай і першай ліг і Кубка Беларусі па футболе канкрэтных суддзяў, а таксама ў перавышэнні ўлады (ч. 2 арт. 426 КК). Віну ў здзяйсненні гэтых злачынстваў Жукаў прызнаў цалкам, аднак ад давання паказанняў у судзе адмовіўся. Ён знаходзіцца пад вартай з 7 чэрвеня 2016 года.

Абарона Жукава не пагадзілася з інкрымінаванай яму ч. 2 арт. 430 КК (паўторнасць атрымання хабару) і лічыць, што дзеянні абвінавачанага павінны быць расцэненыя як махлярства на падставе ч. 2 арт. 209 КК. Адвакат Таццяна Сямешка таксама ўпэўненая, што доказаў здзяйснення Жукавым злачынстваў па трох з шасці эпізодаў абвінавачаннем не было здабыта. У адным выпадку сведка ў судзе заявіў, што даў паказанні ў дачыненні да былога футбольнага функцыянера пад псіхалагічным націскам. У другім — паказанні сведкі нічым і нікім не пацверджаныя. У трэцім — Жукаў спрабаваў вярнуць грошы, пакінутыя яму на стале, спрабаваў дагнаць трэнера, які зрабіў гэта, але ў гэты момант быў затрыманы міліцыяй. Акрамя таго, абарона ўпэўненая, што выстаўленае Жукаву перавышэнне ўлады не даказанае і па гэтым складзе ён павінен быць апраўданы.

Пры прызначэнні пакарання адвакат прасіла суд улічыць змякчальныя акалічнасці: прызнанне Жукавым віны і раскаянне, наяўнасць у яго на ўтрыманні малалетняга дзіцяці, пагашэнне шкоды ў 912 рублёў. Адвакат нагадала, што за Жукава заступіўся калектыў БФФ, папрасіўшы суд прызначыць мінімальна магчымае ў гэтым выпадку пакаранне. І гэта пры тым, што яна абвясціла Жукава персонай нон грата ў футболе.

Сёння прысуд быў абвешчаны пры адсутнасці адваката.

Жукаў пакуль не ведае, ці будзе абскарджваць прысуд. Сваякі настроеныя гэта зрабіць.

Прысуд Жукаву — трэці за апошнія чатыры месяцы прысуд былым буйным спартыўным функцыянерам.

7 верасня суд Маскоўскага раёна Менска прыгаварыў былога гендырэктара баскетбольнага клуба „Цмокі-Менск” Канстанціна Шараверу да пяці з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй усёй маёмасці і пазбаўленнем права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых функцый, на працягу пяці гадоў. У карысць клуба ён павінен выплаціць больш за 358 тыс. рублёў. Шараверя абвінавачваўся ў крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі і злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі, што пацягнула цяжкія наступствы (ч. 4 арт. 210, чч. 2 і 3 арт. 424 і ч. 2 арт. 210 КК). Сваю віну ён не прызнаў. Паводле ч. 3 арт. 424 КК суд абвінавачанага апраўдаў з-за адсутнасці складу злачынства.

18 кастрычніка суд Першамайскага раёна Мінска прыгаварыў былога гендырэктара ЗАТ „Хакейны клуб „Дынама-Мінск” Максіма Суботкіна да пяці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці і забаронай займаць пасады кіраўнікоў на працягу пяці гадоў. Былы гендырэктар клуба абвінавачваўся ў злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі (ч. 3 арт. 424 КК), перавышэнні службовых паўнамоцтваў (ч. 3 арт. 426 КК) і крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі (ч. 4 арт. 210 КК). Раённы суд зняў з яго абвінавачанне ў крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі і замяніў яго абвінавачаннем у службовай халатнасці (арт. 428 КК). З выстаўленым абвінавачаннем Суботкін пагадзіўся.

У абодвух выпадках Менскі гарадскі суд пагадзіўся з прысудамі раённых судоў і адхіліў апеляцыйныя скаргі абвінавачаных і іх абароны.

БелаПАН