Чэмпіянат свету па снукеры: у фінале Шон Мёрфі і Сцюарт Бінэм



У фінале чэмпіянату свету па снукеры сустрэнуцца брытанцы Шон Мёрфі і Сцюарт Бінэм.

У заключнай сесіі аднаго паўфіналу Шон Мёрфі, як і чакалася, без праблемаў давёў сваю вялікую перавагу да лагічнага зыходу. Пры гэтым літасціва „дазволіў” узяць адзін фрэйм Бары Хоўкінсу. Выніковыя 17:9 яскрава характарызуюць перавагу Шона – найбольш тытулаванага паўфіналіста.

Для выяўлення пераможцы іншага паўфіналу спатрэбілася кантравая партыя. Сцюарт Бінэм практычна ўвесь матч быў наперадзе, а Джад Трамп адчайна яго даганяў.  Пры ліку 16:14 Трамп здолеў выйграць два фрэймы запар, параўняць лік і да таго ж зрабіць эфектны сенчуры. Здавалася б, гэты соценны брэйк і доўгая пагоня павінны надаць яму дадатковы імпульс. Аднак у вырашальнай, надзвычай складанай „шахматнай” партыі ўжо Бінэм прадэманстраваў выключнае майстэрства і за некалькі падыходаў да стала ўсё ж аформіў сваю агульную вікторыю – 17:16.

Сцюарт Бінэм упершыню ў сваёй кар’еры выйшаў у фінал чэмпіянату свету. Што датычыць Шона Мёрфі, то 10 гадоў таму ён ужо браў пачэсны тытул. У фінале 2005 году Мёрфі перамог валійца Мэцью Стывенса з лікам 18:16. У разе поспеху ў сёлетнім вырашальным матчы ён дагоніць па колькасці тытулаў валійца Марка Уільямса, які двойчы быў чэмпіёнам свету.

Беларускае Радыё Рацыя