ЧС па хакеі: Беларусь-ЗША-5:2



Хакейная зборная Беларусі ўпершыню ў сваёй гісторыі выйграла ў дружыны ЗША і пасля чатырох тураў выйшла на першае месца ў групе.

Першы перыяд паядынку ў чэшскай Астраве не прынёс закінутых шайбаў. А ў другім беларускія хакеісты амаль запар зладзілі тры выніковыя контратакі па правым фланце з пасамі цераз борт. Пачын зрабіў Артур Гаўрус на 32-й хвіліне, праз дзве хвіліны Арцём Волкаў выканаў гол амаль пад капірку.  А на 37-й Аляксандр Кітараў выніковым стрэлам паслаў суперніка ў накдаўн. Праўда амерыканцы хутка выйшлі са стану грогі і Нелсан адну шайбу адыграў.

У трэцім перыядзе пасля вострага прастрэлу Аляксея Калюжнага Глен Сміт здзейсніў самастрэл. Здарылася гэта, калі Беларусь мела большасць. А на 46-й хвіліне ўжо Круг рэалізаваў колькасную перавагу  – беларусы ўпершыню на турніры прапусцілі ў меншасці.  Наступнае слова было за капітанам зборнай Беларусі Аляксеем Калюжным – ён эфектна рэалізаваў выхад сам на сам. Лік 5:2 захаваўся да фінальнай сірэны.

Да гэтай сустрэчы Беларусь правяла 7 паядынкаў з дружынай ЗША і ўсе сем прайграла. Так што сённяшняя вікторыя дастаткова знакавая.

У гэтай жа групе позна ўвечары Фінляндыя без асаблівых праблемаў адолела Славенію – 4:0.

Пасля чатырох тураў Беларусь мае 10 ачкоў, у дружын ЗША, Фінляндыі і Расеі – па 9, у Славаччыны – 7. Значна адсталі Нарвегія – 3, Данія – 1 і Славенія – 0. Але змаганне за выхад у чвэрцьфінал паміж пяцёркай лідараў цяпер значна абвострыцца.

Беларускае Радыё Рацыя