Еўра-2016: адбор нон-стоп



Кожны зараз дзень праходзяць адборавыя матчы да чэмпіянату Еўропы, фінальная стадыя якога адбудзецца летам 2016-га году. У нядзелю сапраўдны крах спасцігнуў тытулаваную дружыну Нідэрляндаў. Лятучыя галяндцы зноў прайгралі – на гэты раз разгромна 0:3 у Турцыі. Сапраўды верасень выдаўся чорным месяцам у біяграфіі „аранжавых” – такога правалу і прыгадаць цяжка ў іх гісторыі.

У гэтай жа групе „А” чэхі ў гасцях перамаглі Латвію – 2:1. Ісляндыя прымала на сваім полі аўтсайдара Казахстан і парадаксальна не змагла забіць – 0:0. Але гэта ў выніку цалком задаволіла астравіцянаў.

Турнірная сітуацыя спаборнікаў ў групе „А” выглядае пасля 8 тураў так: Ісляндыя – 19 ачкоў, Чэхія – 19, Турцыя – 12. Нідэрлянды з сваімі нягеглымі 10 пунктамі толькі чацвёртыя. Такім чынам Ісляндыя і Чэхія забяспечылі сабе месца ў фінальнай французскай частцы.

Надзвычай няўдалая паласа і ў жыцці дружыны Харватыі. „Шахматныя” спярша страцілі каштоўныя пункты ў Азэрбайджане, а ў нядзелю прайгралі непасрэднаму канкурэнту Нарвегіі. У Осла скандынавы ўзялі верх 2:0. Паколькі Італія, хоць і блякла і непераканаўча, адолела ў гэты дзень Балгарыю – 1:0, нядаўнія дідары групы – харваты – адкаціліся ажно на трэцюю пазіцыю.

Група „Н”: Італія – 18 ачкоў, Нарвегія – 16, Харватыя – 15. Балгарыя страціла ўсе шанцы на пуцёўку ў Францыю.

У групе „В” на першае месца вырваўся Уэльс. Што фактычна два дзесяцігоддзі не ўдавалася былому лідару Раяну Гігзу, праўдападобна па сілах новаму валійскаму каралю – Гарэту Бэйлу. Праўда адолець дружыну Ізрайлю ў нядзелю валійцы не змаглі – 0:0. Другую пазіцыю таксама ўпэўнена трымае Бельгія. Позна ўвечары бельгійцы пад самы занавес ледзь адолелі ў гасцях ўпарты Кіпр – 1:0. Вырашальны мяч на 86-й хвіліне забіў Эдэн Азар.

Група „В”: Уэльс – 18 ачкоў, Бельгія – 17, Ізраіль – 13, Боснія і Герцагавіна – 11.

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя