Футбалісты „Ювентуса” і „Манака” прабіліся ў паўфінал Лігі чэмпіёнаў



Услед за двума мадрыдскімі клубамі „Атлетыка” і „Рэалам” у паўфінал футбольнай Лігі чэмпіёнаў прабіліся турынскі „Ювентус” і „Манака”.

Чэмпіёны Італіі стварылі добры задзел, разграміўшы ў Турыне іспанскую „Барселону” (3:0) і на полі „Камп Ноу” гулялі ад абароны. У першай палавіне гаспадары шмат атакавалі, але асаблівых праблем Джанлуіджы Буфону не стварылі. Пасля перапынку сцэнарый гульні не змяніўся: гаспадары атакавалі, „Юве” спакойна адбіваў націск, сустрэча завяршылася без забітых мячоў – 0:0. Футбалісты „Барсы”, якія ўжо зрабілі немагчымае, прабіўшыся ў 1/4 фіналу паражэння ад „ПСЖ” 0:4, на гэты раз не змаглі паўтарыць цуда. Турынскі „Ювентус” апошні раз гуляў у паўфінале чэмпіёнскай Лігі ў 2015 годзе, прычым тады ён дабраўся да вырашальнага паядынку, у якім уступіў „Барселоне”.

Дортмундская „Барусія” пасля дамашняга паражэння ад „Манака” (2:3) імкнулася да рэваншу, але ўжо ў дэбюце прапусціла два мячы. Спачатку на 3-й мінуце вызначыўся Кіліян Мбапэ, а праз 15 мінут лік падвоіў Радамель Фалькаа. У пачатку другога тайма Марка Ройс скараціў разрыў, але большага госці не дабіліся, а ў канцоўцы прапусцілі контратаку, якую завяршыў Валер Жэрмен – 3:1. Футбалісты „Манака” апошні раз гулялі ў 1/2 фіналу ЛЧ 13 гадоў таму, перамогшы „Чэлсі” і прайграўшы затым у сваім адзіным фінале „Порту”.

Самы тытулаваны клуб Старога Свету дзеючы пераможца Лігі чэмпіёнаў мадрыдскі „Рэал”, які 11 разоў валодаў Кубкам еўрапейскіх чэмпіёнаў, сёмы раз запар выступіць у квартэце мацнейшых. Яшчэ адзін прадстаўнік іспанскай сталіцы „Атлетыка”, які ўступіў „Рэалу” год таму ў вырашальным паядынку, другі раз запар паспрачаецца за выхад у фінал Лігі чэмпіёнаў.

20 красавіка вечарам вызначацца паўфіналісты другога па рангу кантынентальнага турніру – Лігі Еўропы. У чвэрцьфіналах у адказ згуляюць:

„Манчэстэр Юнайтэд” (Англія) – „Андэрлехт” (Брусель, Бельгія; рэзультат першага матчу – 1:1).

„Шальке-04” (Гельзенкірхен, Германія) – „Аякс” (Амстэрдам, Нідэрланды; 0:2).

„Бешыкташ” (Стамбул, Турцыя) – „Ліён” (Францыя; 1:2).

„Генк” (Бельгія) – „Сельта” (Віга, Іспанія; 2:3).

Жараб’ёўкі паўфінальных пар абодвух турніраў адбудуцца 21 красавіка ў штаб-кватэры УЕФА ў швейцарскім Ньёне.

belta.by