Футбол нон-стоп у Гародні



У межах святкавання Дня горада ў Гародні адбылася акцыя “Футбол нон-стоп”. З дзевяці гадзін ранку цэнтральны стадыён стаў месцам правядзення бесперапыннай гульні дзіцячых, юнацкіх, жаночых, прафесійных і аматарскіх каманд.

zzzfutbol6Падобнае мерапрыемства ў горадзе над Нёманам ладзілася ўпершыню і па словах прэсавага сакратара футбольнага клуба “Нёман” Пятра Карнауха, павінна пасадзейнічаць адраджэнню футбольных традыцый у абласным цэнтры:

– Гэта самы дэмакратычны від спорта, які не патрабуе вялікіх укладанняў,  у параўнанні з тым жа хакеем. А дзецям, напрыклад, дастаткова купіць мячык і шорты ды адправіць на вуліцу.

У межах акцыі “Футбол нон-стоп” мясцовыя ўлады адзначылі ўзнагародамі ветэранаў гарадзенскага футбола, якія гулялі яшчэ ў чэмпіянаце Савецкага Саюза ў сярэдзіне мінулага стагоддзя. Прадстаўнікі гарвыканкама паабяцалі паспрыяць адраджэнню гарадзенскага футбольнага клуба “Нёман”, які перажывае не самыя лепшыя часы і знаходзіцца ў фінансавым крызісе.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня