Гайнаўку апанаваў nordic walking



На лясных шляхах гораду прайшлі спаборніцтвы за кубак Польшчы па nordic walking. Спаборніцтвы адбываліся ў розных групах паводле ўзросту і дыстанцыі. „Гайнаўскія шляхі для nordic walking я лічу самымі камфортнымі,” – кажа пераможца паўмарафону на 21 кіламетр Пшэмэк Ступновіч з Лодзі:

–  Траса, падобна, самая лепшая ў гэтым сезоне. Сёння прайшоў трасу за 2 гадзіны 21 мінуту з секундамі, гэта адзін з лепшых маіх вынікаў. І таму я задаволены. Я чацвёрты раз удзельнічаю ў гэтых спаборніцтвах. Тры папярэднія выйграў. Дасёння меў 300 пунктаў з 300 магчымых. Але трэба быць уважлівым і сціплым, бо рознае можа быць на трасе.

Акрамя паўмарафону, спаборніцтвы адбываліся таксама на дыстанцыях 5 ды 10 кіламетраў. Арганізатарамі спаборніцтваў па nordic walking за кубак Польшчы ў Гайнаўцы выступілі Польская федэрацыя nordic walking, Павятовае стараства ў Гайнаўцы, а таксама Надлясніцтва „Гаўнаўка”. Чарговы этап мерапрыемства адбудзецца 19 верасня ў Эльблангу.

Мацей Рацінеўскі, Беларускае Радыё Рацыя. Фота аўтара.