Гарадзенскі „Сокал” прывёз медалі з Пултуску



Маладыя футбалісты гарадзенскага спартовага клуба “Сокал”, што дзейнічае пры непрызнаваным беларускімі ўладамі Саюзе палякаў, сталі пераможцамі міжнароднага моладзевага турніра па міні-футболе, які адбыўся ў польскім горадзе Пултуск.

sokal_poltusk

Пятнаццацігадовыя футбалісты з Беларусі выйгралі ўсе свае матчы, упэўнена перайграўшы ў фінале аднагодкаў з Літвы з лікам 7:3. На думку віцэ-старшыні клуба “Сокал” Марэка Занеўскага, перамога падкрэслівае, што польскі дзіцячы спорт у Беларусі, негледзячы на пэўныя перашкоды, развіваецца ў добрым накірунку:

– Для нас гэта вялікі поспех і адначасова вялікая радасць браць удзел у такога роду спаборніцтвах, паказваць свой узровень гульні, таксама глядзець на ўзровень гульні нашых сяброў з Польшчы, Літвы. У Беларусі мы не маем магчымасці гуляць у розных турнірах, таму выезды ў Польшчу для нас вялікая падтрымка.

Лепшым гульцом міжнароднага футбольнага турніра ў Пултуску стаў гарадзенец Ілля Зімін. Маладзён таксама атрымаў прыз лепшага бамбардзіра, забіўшы у пяці гульнях васемнаццаць галоў.

Беларускае Радыё Рацыя