Генадзь Давыдзька „пагарачыўся” адносна футбольных фанатаў



Кіраўнік можа папрасіць прабачэння за параўнанне беларускіх футбольных заўзятараў з нацыстамі. Як адзначыў Генадзь Давыдзька ў інтэрв’ю Еўрарадыё, ён назваў нацыстамі заўзятараў, што былі на матчы ва Львове, «згарача».

Напярэдадні адзін з фанатаў беларускай зборнай Андрэй Валькоўскі напісаў адкрыты ліст Генадзю Давыдзьку, у якім запатрабаваў, каб кіраўнік БТ прадставіў доказы гэтым абвінавачванням. „Словы Генадзя Давыдзькі – спроба прыцішыць салідарнасць да ўкраінскага народу,” – мяркуе Андрэй Валькоўскі.

– Сітуацыя ва Украіне ўспрымаецца ў Беларусі даволі неадназначна. Ёсць розныя погляды на гэтую тэму. І такой, скажам, больш афіцыйнай Беларусі залежыць на тым, каб гэтая салідарнасць у беларускага грамадства ў адносінах да Украіны была больш спланаваная. Але мне асабіста не замінала, што людзі могуць выказаць некаму салідарнасць, або выказаць сваё адназначнае меркаванне на гэты конт, незалежна ад таго, ідзе яно ў рэчышчы афіцыйнай беларускай палітыкі, ці не.

У апошнім выпуску праграмы «Клуб рэдактараў» на БТ абмяркоўваўся футбольны матч зборных Украіны і Беларусі і паводзіны падчас яго беларускіх і ўкраінскіх заўзятараў. Генадзя Давыдзьку абурылі «антырасейскія крычалкі», якія гучалі падчас матчу, і тое, што беларускія заўзятары ахвотна іх падтрымлівалі. «Чаму нашу краіну на трыбунах у суседняй краіне прадстаўляюць юныя нацысты?» — абураўся кіраўнік БТ.

Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя