Германія выйшла ў паўфінал Еўра



Чвэрцьфінал Германія-Італія на Еўра меў бадай найбольш разнастайных падтэкстаў. Цяжка даць веры, але на афіцыйных топавых турнірах немцы раней ніколі не выйгравалі ў “скуадры адзурры”. Апенінцы ў ключавых паядынках станавіліся для бундэстым неадольным горным бар’ерам. Апошняй стрэмкай у памяці “маншафт” і яе прыхільнікаў засела параза на мінулым Еўра ў паўфінале – 1:2.

Да гэтай сустрэчы немцы падышлі з ўражальным “нуль прапушчаных мячоў” у чатырох сустрэчах. Заставаўся “сухім” і Джанлуіджы Буфон, галоўны стражнік брамы італійцаў. Праўда, ён не ўдзельнічаў у адным рандэву. А вось Томас Мюлер, адзін з лепшых бамбардзіраў чэмпіянатаў свету ніяк не можа забіць на еўрапейскіх топ-турнірах.

Першы тайм зацятыя супернікі дэманстравалі ўзоры жорсткага прэсінгу. Яго ахвярай стаў апорнік чэмпіёнаў свету Самі Хедзіра, які выступаў супраць процьмы аднаклубнікаў па турынскім “Ювентусе”, але хутка траўмаваўся і на 15-й хвіліне на поле выбег іншы старажыл – Басцьян Швайнштайгер. Партнёры адразу перадалі яму капітанскую адзнаку.

У канцоўцы тайму каманды выбухнулі парай фехтавальных выпадаў, але адкрыць лік нікому не ўдалося.

Другая палова ішла пад дыктоўку “тэўтонскага ордэну”. Некалькі абвастрэнняў атрымалася ў Марыё Гомеса. Менавіта ён зрабіў перадачу ў штрафную італійцаў, якая прывяла да першай змены на табло. Гол запісалі на баланс Месута Азіла, які хвостка прабіў з выгоднай пазіцыі.

“Лазурная эскадра”, аднак, не той калектыў, які здаецца так проста. Італійцы пайшлі на абардаж і дасягнулі парытэту. Адна з верхавых перадач на 77-й хвіліне трапіла ў руку Жэрому Баатэнгу і мадзьярскі арбітр Віктар Кашаі паказаў на “кропку”. Пенальці ўпэўнена рэалізаваў Леанарда Бануччы.

Дадатковыя два таймы больш забітых мячоў не прынеслі. А потым была драматычная серыя пасляматчавых пенальці, дзе каманды прабілі ажно па 9 удараў. Урэшце шчасце ўсміхнулася Германіі – 6:5.

Германія-Італія – 1:1 (Месут Азіл, 65; Леанарда Бануччы, 78, з пенальці. 6:5 па пенальці.

У італійцаў на рэдкасць няўдала выканалі пенальці адмыслова выйшаўшы для гэтага на 120-й хвіліне Сімоне Дзадза і ГрацыянаДжаноуіджы Буфон Пеле – адзін стрэліў у неба, іншы міма. Мануэль Нойер парыраваў удары Бануччы і апошні ў выкананні Матэа Дарміяна. Найбольш шкада было Буфона, які ўдала рэагаваў, але змог адбіць толькі пенальці Томаса Мюлера, Азіл бабахнуў у штангу, а Швайнштайгер вышэй папярэчыны. Усе астатнія прабілі дакладна.

Хада пасляматчавай серыі 11-мятровых: Інсіньё – гол, Крос – гол, Дзадза – вышэй брамы, Мюллер – Буфон парыраваў, Бардзальі – гол, Азіл – штанга, Пеле – міма брамы, Дракслер – гол, Бануччы – Нойер парыраваў, Швайнштайгер – вышэй брамы, Джакерыні – гол, Хумельс – гол, Парола – гол, Кіміх – гол, Дэ Шыльё – гол, Баатэнг – гол, Дарміян – Нойер парыраваў, Хектар – гол.

Сёння на Еўра пройдзе апошні чвэрцьфінал: Францыя-Ісляндыя. З пераможцам гэтага спабору сустрэнецца Нямеччына.

Матч у Сэн-Дэні пачнецца а 22-й гадзіне беларускага часу. Да гэтага “трохкаляровыя” і астравіцяне сустракаліся паміж сабой 13 разоў – у рахунках відавочная перавага французаў, якія выйгралі 9 паядынкаў, 4 матчы завяршыліся мірам. Так што ісляндцам трэба здзейсніць яшчэ адзін гістарычны подзвіг, каб выйсці ў паўфінал. У Дзідзье Дэшама баліць галава пасля дыскваліфікацыі з-за перабору жоўтых картак цэнтральнага абаронца Адзіля Рамі, а дэфензіва гаспадароў турніру і так не вылучалася маналітнасцю. Ёсць праблемы і сярод канструктараў гальскай машыны. Тым больш, што амбітныя вікінгі ад пачатку будуць сыпаць пясок у ня надта змазаны механізм. І ўсё ж безумоўныя фаварыты – французы, якім іх заўзятары не даруюць паразы. Асноўная надзея “трохкаляровых” на індывідуальную імправізацыю лідараў – найперш Антуана Грызмана і Дзімітры Паета.

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя