„Іслач” пакаралі ачкамі на наступны сезон



Дысцыплінарны камітэт АБФФ абвесціў рашэнне па выніках расследавання дамоўных матчаў у бягучым сезоне ў розных футбольных лігах Беларусі.

У выніку вырашана пакараць каманду вышэйшай лігі „Іслач” на 7 ачкоў перад пачаткам наступнага першынства, каманды першай лігі „Прамень” (Менск) – на 10 пунктаў, „Ашмяны” – на 5. Трэба дадаць, што „Ашмяны” вылецелі з першай лігі і наступны сезон стартуюць у другой.

Акрамя гэтага прыняты шэраг іншых дысцыплінарных мераў. Ануляваны некалькі вынікаў матчаў бягучага першынства.  У іх ліку паядынак вышэйшай лігі „Іслач” – „Дынама” (Берасьце) – 2:4. „Іслачы” замест гэтага выніку залічана тэхнічная параза 0:3.

Цяперашні трэнер „Іслачы” Віталь Жукоўскі, які асабіста не меў дачынення да дамоўнага матчу, выступіў з рэзкай крытыкай такога рашэння. Ён лічыць, што пазбаўляць 7 ачкоў яго каманду можна было ў гэтым першынстве, а не прысудзіць стартаваць у наступным чэмпіянаце з „мінус 7″. Жукоўскі сказаў, што асабіста не будзе ўдзельнічаць у матчы апошняга туру з „Слуцкам”, магчыма на поле не выйдзе ўся каманда. Фактычна гэта можа выклікаць сур’ёзныя наступствы і паставіць крыж увогуле на існаванні амбітнага клубу на чале з харызматычным і скандальным трэнерам.

Беларускае Радыё Рацыя