Ісляндыя выбіла з Еўра Англію



Адзін з двух галоўных трэнераў дружыны Ісляндыі швед Ларс Лагербек ніколі не прайграваў ангельцам у ранейшых матчах на чале “трэ крунур”. Праўдападобна, што ён мае правераны і надзейны антыбрытанскі рэцэпт, які паспяхова прымяніў і зараз. Галоўны ж “кухар” на капітанскім мосціку дружыны “Трох ільвоў” Рой Ходжсан так і не знайшоў ні аптымальнага складу, ні правільнай тактыкі. Хоць сустрэча з Ісляндыяй пачыналася для ангельцаў лепш не прыдумаеш. Ужо на 4-й хвіліне ў браму паўночных астравіцянаў за фол супраць Рахіма Стэрлінга быў прызначаны пенальці. Яго па-майстэрску выканаў Уэйн Руні. Гэта быў шосты гол ангельскага капітана на чэмпіянатах кантыненту і ён увайшоў у дзявятку найлепшых снайпераў Еўра. Але дагнаць суайчынніка Алана Шырэра, у якога 7 забітых мячоў, ужо не ўдасца.

Англія не паспела перажыць эйфарыю, як на табло ўжо высвечвалася 1:1. Гэта абаронец Рагнар Сігурдсан уварваўся ў чужую штрафную і завяршыў простую, але бездакорную троххадоўку ісляндцаў. Інстынкт тэарэтычнага фаварыцтва пагнаў брытанцаў зноў у кірунку чужой брамы, але гэта была ўсё ж каманда папяровых ільвоў. Другая ж атака вікінгаў зноў прынесла ім поспех. Няхітрыя дзеянні Калбейна Сігтарсана дэзарыентавалі ангельскіх абаронцаў, а фатальны няўдачнік Джо Харт не даў рады ўдару сярэдняй сілы і складанасці. Далей быў просталінейны наступ Англіі і ахвярная абарона ісляндцаў. З кожнай хвілінай надзеі брытанскіх заўзятараў раставалі як лёд Арктыкі. І ўрэшце экіпаж Ходжсана пайшоў на дно.

Англія-Ісляндыя-1:2 (Уэйн Руні, 4, з пенальці; Рагнар Сігурдсан, 6, Калбейн Сігтарсан, 18)

Такім чынам поўны склад чвэрцьфінальных параў такі: Польшча – Партугалія, Уэльс – Бельгія, Германія – Італія, Францыя – Ісляндыя. Першы паядынак – партугальцаў з палякамі пройдзе 30 чэрвеня ў Марсэлі.

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя