“Калізей” у цэнтры Менска



Працягваецца рэканструкцыя сталічнага стадыёна “Дынама”.

Днямі намеснік старшыні Беларускай федэрацыі футбола Сяргей Сафар’ян распавёў журналістам, як ідзе будаўніцтва нацыянальнага стадыёна ў сталіцы.

unnamed2

Па ягоных словах, быў абвешчаны новы тэндар на будаўніцтва стадыёна на месцы „Дынама”. Да 6 ліпеня на яго прымаліся заяўкі. Агулам было пададзена пяць заявак. На працягу месяца тэндарная камісія вынесе свой вердыкт.

Канчатковага рашэння, як будзе выглядаць абноўлены стадыён, няма. Па словах Сафар’яна, якія перадае “Прессбол”, будзе скарочана колькасць камерцыйных плошчаў, якія планавалася пабудаваць разам са стадыёнам. Напрыклад, адмовіліся ад будаўніцтва гіпермаркета. Затое стане больш парковачных месцаў.

Нацыянальны стадыён павінен быць здадзены ў эксплуатацыю да 1 студзеня 2018 года.

Зараз будоўля на стадыёне – у самым разгары, а з вышыні птушынага палёту галоўная арэна краіны нагадвае Калізей.

unnamed11

Былы галоўны трэнер зборнай Беларусі Анатоль Байдачны з гэтай нагоды выказаўся так: “У нас футбол зараз у заняпадзе. Мы пабудавалі ўсяго адзін стадыён, і той – у лесе. Дык пра які чэмпіянат свету мы можам думаць?

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара